Сябры арганізацыі на Вілейскім вадасховішчы. Фота забяспечанае Васілём Тарканам.

30 год працуе ў Маладзечне раённая арганізацыя Беларускага таварыства інвалідаў. Апошнія восем год арганізацыяй кіруе маладзечанец Васіль Таркан.

– Працаваць з людзьмі заўсёды весела, – падзяліўся Васіль Аляксеевіч. – Стараемся ўвесь час нешта рабіць. Ладзім экскурсіі, паездкі, спартыўныя спаборніцтвы.

Хто яны – сябры арганізацыі

Па словах старшыні, у арганізацыі на сёння 307 чалавек. Гэта людзі розных узростаў. Ёсць сярод іх як гараджане, так і з Маладзечанскага раёна. Пару год таму да маладзечанскай арганізацыі далучылася ільянская пярвічка інвалідаў:

– Іх каля 20 чалавек. Кіраўнік – актыўны ільянец Віктар Філістовіч. Ён, інвалід-вазочнік, знаходзіць транспарт, каб прыехаць да нас, у Маладзечна, па справах, па гуманітарную дапамогу.

Спадзяванні на сябе і на спонсараў

Васіль Аляксеевіч адзначае, што раней арганізацыя адчувала куды большую падтрымку з боку мясцовых уладаў.

Цяпер жа – спадзяванні толькі на сябе і на спонсараў, якія часам падтрымліваюць. Гэта прадпрыемствы «ММЦ», «Маладзечнамэбля», «ЭНЭФ», электрамеханічны завод… Спіс можна працягваць, адзначае Васіль Таркан. – Мясцовыя фермеры частуюць яблыкамі, кандытарскія прадпрыемствы – ласункамі да чаявання.

Былы дырэктар Мінскага абласнога драматычнага тэатра Юры Крывенькі ўручаў сябрам арганізацыі білеты на спектаклі. Дзякуючы дырэктару Ма- ладзечанскага Палаца культуры Святлане Сароцы сябры таварыства інвалідаў наведваюць канцэрты ў палацы і амфітэатры.

– Дапамагае тое, што 33 гады я адпрацаваў у мастацкай школе ў Маладзечне, якую ў свой час заснаваў. У горадзе шмат людзей, якія мяне ведаюць, шмат былых вучняў. Яны звычайна адгукаюцца на мае просьбы. Дзякуй тым, хто памятае, што ў нашым грамадстве ёсць людзі з інваліднасцю, – працягвае Васіль Таркан.

Падарожжы, фестывалі, ягады, грыбы

У арганізацыі ёсць актыў – своеасаблівы касцяк. Гэта дзесяць чалавек. Кожны мае сваю галіну адказнасці. Адзін адказвае за культурныя імпрэзы, іншы – за спартыўныя спаборніцтвы.

Да пандэміі прадстаўнікі таварыства шмат падарожнічалі. Ездзілі ў Крэва і Смаргонь, пракаціліся ўздоўж Вілейскага вадасховішча. Запамінальнай была паездка ў Санкт-Пецярбург. З экскурсій прывозяць шмат уражанняў і фотаздымкаў.

Прадстаўнікі арганізацыі ўдзельнічалі ў абласных, рэспубліканскіх і міжнародных мерапрыемствах. Спевакоў і рукадзельніц штогод накіроўвалі на фестываль нацыянальных культур у Гродна, былі і на «Славянскім базары» ў Віцебску. З канцэртамі выступалі ў доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў у Маладзечне, у падобнай установе ў Сасновым Бары. Ладзілі конкурсы і спартыўныя спаборніцтвы. Гулялі ў тэніс, шахматы, шашкі. Такія ініцыятывы заўсёды падтрымліваў ранейшы начальнік аддзела спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама Мікалай Шрымф.

– А яшчэ маглі сабрацца і паехаць у грыбы ці ягады ў лес на Вілейшчыну або Валожыншчыну, – працягвае Васіль Таркан.

Сёлета жыццё арганізацыі было менш насычаным з-за пандэміі

Штогод сябры арганізацыі віншавалі юбіляраў з падарункамі і чаяваннем. Сёлета перашкодзіла пандэмія.

Увогуле з-за эпідсітуацыі жыццё таварыства ў апошні год было спакайнейшым, чым звычайна.

Нават у сталым узросце хочацца развівацца, жыць, рухацца, адзначае суразмоўца, а яшчэ хочацца праўды:

– Мы ў такім узросце, калі хочацца хоць кавалачак праўды, калі стаміліся ад хлусні. Таму сябры нашай арганізацыі з вялікім задавальненнем чытаюць «Рэгіянальную газету». Яна справядлівая і праўдзівая, – падсумаваў суразмоўца.

• Текст доступен на языке: Русский