Верасень 2018 года. Вольга падчас моладзевага фестывалю, які ладзіла разам з актывістамі. Фота аўтара.

У пачатку лістапада Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт адлічыў некалькі сваіх студэнтаў за ўдзел у пратэстах. У хуткім часе некаторых аднавілі. Сярод адлічаных і адноўленых быў віляйчук, выпускнік гімназіі «Логас», другакурснік педыятрычнага факультэта Ян Шляпо.

Мама Яна – публічная асоба ў Вілейцы. Вольга Шляпо – старшыня вілейскіх прафсаюзаў, памочнік дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Ірыны Супрановіч, арганізатар шматлікіх моладзевых конкурсаў і праектаў у Вілейцы.

На працягу некалькіх месяцаў Вольга не хавае сваю палітычную пазіцыю. Яна падтрымлівае існуючую ўладу. У ліпені размясціла на сваёй старонцы ў сацсетках сумесны фотаздымак з прэс-сакратаром Аляксандра Лукашэнкі Наталляй Эйсмант.

Той самы фотаздымак з паста Вольгі ў сацсетках.

«Сустрэча з Наталляй Эйсмант, прэс-сакратаром Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, для мяне – падзея. Адчула яе харызму, сапраўдны прэс-сакратар – таленавітая, разумная, прыгожая, у кожным слове – сіла жыцця, упэўненасць», – напісала тады Вольга ў сваім пасце.

Мы звярнуліся да Вольгі Шляпо з прапановай выказаць адносіны да таго, што здарылася з яе сынам, і да таго, што адбываецца ў краіне. Вольга пагадзілася даць толькі пісьмовы каментар. Днямі мы атрымалі ліст. Прыводзім яго без змен.

Вольга: Не выключаю, што мною рухаюць матчыны пачуцці

«Пагутарыўшы з некаторымі адлічанымі з медуніверсітэта студэнтамі, сярод якіх апынуўся і мой сын, я зразумела, што гэта моладзь шчыра мяркуе, што можа зрабіць свет больш дасканалым і справядлі-вым адразу, як па ўзмаху чароўнай палачкі. Для гэтага дастаткова ўсяго толькі зламаць існуючы парадак і ўклад у грамадстве і збудаваць новы. Гэта тыповыя імкненні маладосці. Але я заўважыла таксама і тое, што шчырыя імкненні маладых людзей выкарыстоўваюць цынічныя прафесіяналы-агітатары, якія падштурхоўваюць студэнтаў да агрэсіі і парушэння законаў, надаючы гэтым дзеянням арэол ледзь не гераізму. Хутчэй за ўсё, тыя студэнты, якія ўдзельнічалі ў супрацьпраўных дзеяннях, сур’ёзнасці сваіх учынкаў не ўсведамлялі, успрымаючы тое, што адбываецца, як гульню.

Не выключаю, што мною рухаюць у асноўным нерацыянальныя меркаванні, а матчыны пачуцці. Але я перакананая, што такіх маладых людзей трэба не адштурхоўваць, а пераконваць, даўшы ім магчымасць стаць добрымі дактарамі, атрымаць прафесію. Як аказалася, у выкладчыкаў і адміністрацыі ўніверсітэта пазіцыя такая ж. Не зважаючы на атмасферу правакаванага канфлікту, непрыязнага і нават агрэсіўнага стаўлення з боку некаторых студэнтаў і «незразумелых» іншых «груп падтрымкі», супрацоўнікі ўніверсітэта праводзілі гутаркі з адлічанымі студэнтамі, іх бацькамі, каб вярнуць студэнтаў да іх галоўнага на гэтым этапе жыцця занятку – да вучобы.

Важна адзначыць, што такіх парушальнікаў парадку вельмі мала. Абсалютная большасць студэнтаў займаецца тым, чым займалася заўсёды – мэтанакіравана вучацца і атрымліваюць радасці ад нармальнага студэнцкага жыцця. На жаль, у наша грамадства цяпер спрабуюць унесці раскол. У некаторых выпадках лінія расколу праходзіць не толькі ў арганізацыях, але і сярод сяброў, у сем’ях. Я лічу, што людзі заўсёды павінны дамаўляцца на разумнай аснове, а не прад’яўляць адзін аднаму невыканальныя ўльтыматумы.

Шчыра кажучы, мая матчына мара аб тым, што мой сын стане прафесарам медыцыны і будзе таксама цярпліва тлумачыць гарачым студэнтам, што ў доктара асаблівы статус і асаблівая ўлада. Таму з доктара і попыт асаблівы – ён павінны быць вышэй за кан’юнктурныя палітычныя спрэчкі. Ратуючы здароўе і жыцці людзей, дактары прыносяць больш карысці грамадству, чым запраграмаваныя лозунгамі бунтары».

• Текст доступен на языке: Русский