
Сімвалам надыходзячага года стане Бык. Якія падзеі ў Маладзечна прыносіла гэта жывёліна ў мінулыя свае гады, прапануем даведацца з нашага матэрыялу.
1937
На Бутаўскім полі ў Маскоўскай вобласці расстраляны ўраджэнец Лебедзева (1900 год нараджэння), мастак, скульптар Раман Семашкевіч. Быў адным з 16 дзяцей панскага садавода. Вучыўся ў Маскве, там стаў прызнаным мастаком. Абвінавачаны ў антысавецкай агітацыі і шпіянажы на карысць Польшчы і расстраляны.

У горадзе працуе польская гімназія імя Тамаша Зана, адчыненая ў 1922 годзе. У 1937 годзе тут вучыцца каля двухсот чалавек. Прозвішча дырэктара – Люро.

Сярод найбольш паважаных настаўнікаў – Анцулевіч па прыродазнаўстве, Кавалюк па геаграфіі і фізкультуры, Бачэўская па французскай мове, Плякова – па латыні, Бароўскі па паланістыцы, ксёндз Чаплінскі, што выкладаў не толькі каталіцкую рэлігію, але і нямецкую мовы, і бацюшка Марозаў.
1949
У раёне пачынаецца масавая калектывізацыя.

У горадзе ўзвялі новы будынак СШ №2. З драўлянай хаты вучні і настаўнікі пераехалі ў самы прыгожы ў Маладзечне будынак. Школа тут была да 1975 года. Цяпер – цэнтр «Маладзік».
Маладзечанская футбольная каманда становіцца бронзавым прызёрам чэмпіянату Беларусі.
У Беразінскім пачалі будаваць торфапрадпрыемства. У горадзе запусцілі паратурбінную электрастанцыю.
У Мінску нарадзіўся будучы дырэктар завода парашковай металургіі, старшыня Маладзечанскага гарвыканкама, палітык, навуковец Генадзь Карпенка.

Стварылі музычную школу. Адразу яна месцілася ў драўляным будынку на тагачаснай вуліцы Чапаева.
1961
Пачаў сваю дзейнасць народны ансамбль песні і танца «Спадчына». А ў Красным стварылі саўгас.
Выйшаў фотаальбом, прысвечаны Маладзечну. У альбоме – фотаздымкі горада, якія рабілі прафесіяналы і аматары.
Нарадзілася паэтка і журналіст Ала Страшынская. Тут яна скончыла СШ №3. Ад 1995 года жыве ў Смаргоні.
Пабудавалі новы корпус улікова-планавага тэхнікума (цяпер – гандлёва-эканамічны каледж). А стары корпус пераабсталявалі пад інтэрнат для 270 навучэнцаў.
Маладзечанскія мастакі Кастусь Харашэвіч і Ядвіга Раздзялоўская ў суаўтарстве стварылі карціну для Мінскага абласнога краязнаўчага музея на тэму ўз’яднання Заходняй Беларусі з Усходняй. Карціна называлася «Маладзечна. 17 верасня 1939 года».
Сярэдняя школа №22 Мінскага аддзялення Беларускай чыгункі становіцца сярэдняй школай №7 аддзела адукацыі Маладзечанскага гарвыканкама.
У студзені першых чытачоў сустрэў будынак цэнтральнай бібліятэкі. Адразу яна насіла імя Крупскай, пасля – Багдановіча. У 2014 годзе тут абвалілася столь. І да сёння будынак не працуе.
Адкрылі завочнае і вячэрняе аддзяленні ў Маладзечанскім музвучылішчы (сёння музкаледж імя Агінскага).
Зачынілі праваслаўную царкву Раства прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Дубрава на Маладзечаншчыне. У савецкі час царкву перадалі пад склад калгасу. У 1980-м у Дубрава на бульбу прыехалі студэнты. Яны падпалілі склад. Доўгі час будынак стаяў у руінах. У 1993 годзе вернікі змаглі аднавіць царкву.
1973
Пабудавалі новы корпус радзільні з жаночай кансультацыяй і пачалі будаваць мост-пуцеправод над чыгуначнымі пуцямі.
Зачынілі медыцынскае вучылішча, якое працавала ад 1964 года. Сваю дзейнасць установа аднавіла ў 1988 годзе як філіял Мінскага медвучылішча. Сёння гэта Маладзечанскі медыцынскі каледж імя Залуцкага.
Кампазітар Алег Елісеенкаў скончыў Маладзечанскае музвучылішча. А археолаг Міхась Ткачоў даследаваў Маладзечанскае замчышча.
Пачала дзейнічаць аўтаматычная тэлеграфная станцыя.
Значок з выявай ураджэнца Вязынкі, Янкі Купалы, упершыню выпусцілі па-за межамі Беларусі – у Нью-Ёрку.
1985
Упершыню ў горадзе адкрылі класы для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізіялагічнага развіцця. Яны працавалі ў СШ №4.
Ганаровым грамадзянінам Маладзечна стаў ветэран Другой сусветнай, былы намеснік старшыні гарвыканкама Павел Брацішка.

У Гданьску памёр Тодар Куніцкі – ураджэнец вёскі Павязынь (1899 год нараджэння), што каля Маладзечна. Куніцкі – адзін з заснавальнікаў Беларускага студэнцкага саюза ва Універсітэце Стэфана Баторыя ў Вільні і Беларускага сялянскага саюза. Працаваў доктарам на Беласточчыне, пасля ў Вільні, Гданьску.
У цэнтры горада пабудавалі гасцініцу «Маладзечна».
Загадам Мінаблвыканкама пастанавілі пабудаваць у Маладзечне наркалагічны дыспансер. Праз год установа з’явілася.
У Афганістане загінуў ураджэнец Краснага, лейтэнант, камандзір групы мініравання Сяргей Новікаў.
1997
Стварылі прадпрыемства «Дарвектар», дзе робяць дарожную тэхніку. У СШ №7 з’явіліся ліцэйскія класы.
Памёр мастак Юры Герасіменка-Жызнеўскі (год нараджэння – 1948). Аўтар першага герба Маладзечна – «Папараць-кветка».

Маладзечна значыцца ў лідарах краіны. Узровень беспрацоўя ў студзені – 5%.
Невядомыя падпалілі кіёск разам з прадаўцом, 20-гадовай Таццянай, якая памерла ад апёкаў. Здарылася гэта трагедыя каля магазіна, які маладзечанцы называюць «Крывы».
Дабудавалі касцёл, што за кінатэатрам «Радзіма», а таксама – праваслаўную царкву на Будаўнікоў.
Па распараджэнні аддзела адукацыі выпускныя рэкамендавалі праводзіць не ў школах, а ў рэстаранах.
2009
13 чэрвеня прайшоў юбілейны, дзясяты, фестываль беларускай песні і паэзіі.
Пабудавалі станцыю ачысткі вады ў мікрараёне Гелянова. А мясакамбінат пачаў працаваць пад назвай «Вялес-Міт».
Пасля рэканструкцыі пачаў працаваць аўтавакзал.
Змяніўся тэлефонны код Маладзечна. Замест 01773 стаў 0176.
• Текст доступен на языке: Русский