Фота з праўладнага мітынга - Настассі Уткінай, з мірнай акцыі - Аксаны Ярашонак.

Сваркі з калегамі, непаразуменні з роднымі, нацягнутыя адносіны з сябрамі… Адны прагнуць перамен, іншыя падтрымліваюць дзейную ўладу і стабільнасць. Пасля сёлетняга жніўня адносіны палітычных апанентаў у грамадстве сталі куды больш вострымі, чым раней. Не абмінулі падобныя з’явы і нашых чытачоў, якія выступаюць за перамены. Чытайце.

Дзмітры, работнік гандлю, Маладзечна: «Сваякі апраўдваюць гвалт»

«Трэба працаваць, а не баставаць!». «Б’юць, ну і няхай! А як яшчэ паступаюць з прастытуткамі і наркаманамі са зброяй у руках!». Так рэагуюць на сённяшнюю сітуацыю ў грамадстве сваякі маладзечанца Дзмітрыя. Падобныя спрэчкі, па словах суразмоўцы, сталі ўзнікаць адразу пасля выбараў. Асноўная крыніца інфарма-цыі пра падзеі ў краіне ў апанентаў Дзмітрыя – дзяржаўнае тэлебачанне.

Цяпер мужчына проста стараецца не ўвязвацца ў спрэчкі з людзьмі, якія не прымаюць іншай думкі, акрамя іх уласнай. Але адзначае: прыпыняць адносіны з-за палітычных поглядаў не варта. Сваякоў не выбіраюць.

Таццяна, работніца ЖКГ, Смаргонь: «Бацькі давяраюць толькі БТ»

– Мае бацькі, якім па 80 год, падтрымліваюць Лукашэнку. Давяраюць толькі дзяржаўнаму тэлебачанню. На працы ёсць настроі, што ўсё бессэнсоўна. Людзі асуджаюць пратэсты, хаця і Лукашэнку не падтрымліваюць. Ёсць у маім асяроддзі людзі, якія лічаць, што ў гвалце і забойствах вінаватая Ціханоўская. Я імкнуся іх пераканаць. Тады адказваюць: «Палітыкай не цікаўлюся, ад мяне нічога не залежыць». Для іх галоўнае, каб звыклы парадак не мяняўся, – падзялілася Таццяна.

Вольга, педагог, Маладзечна: «Свякроў кажа: «Хочаце, як ва Украіне?»

– Да выбараў мая мама плакала, калі чула нешта кепскае пра Лукашэнку. Казала:  «Чалавек усё жыццё працаваў, стараўся, а пра яго цяпер так дрэнна гавораць». Але мы яе пераканалі, што трэба галасаваць за Ціханоўскую, – пачынае гаворку маладзечанка Вольга.

Мама падтрымала дзяцей. Сказала: «Вы маладыя, лепш ведаеце. А мне ўжо ўсё роўна. Пасля выбараў мама Вольгі жахнулася таму, што адбылося, памяняла сваю думку пра дзейнага Прэзідэнта. Цяпер яна не спрачаецца з дачкой.

Бацька Вольгі галасаваў супраць усіх. Цяпер, калі чуе размовы пра палітыку, паўтарае: «От даскачацеся. Будзе вам свабода! Ці не ўсё роўна, на якога пана спіну гнуць. Вы цяпер рызыкуеце, а яны прыйдуць да ўлады і будуць вяршкі здымаць».

– Са свёкрам і свякроўю куды больш складана, – дзеліцца жанчына. – Яны старэйшыя за маіх бацькоў, абое з вышэйшай адукацыяй. Маіх поглядаў адносна перамен яны не раздзяляюць і цяпер. Свёкар прыехаў з Расіі, калі яму было ўжо больш за 30. Таму ён за саюз з Расіяй, слухае Салаўёва. За каго галасаваў, не ведаю. А вось свякроў увогуле не разумее, што нам не падабаецца. Кажа: «У нас усюды парадак, прыгажосць, мы так хораша ніколі не жылі. Вы хочаце, як ва Украіне?». Карацей, паўтарае фразы, якія чуе на БТ. Пераканаць яе немагчыма. Верыць толькі тэлебачанню.

Сама мая суразмоўца, Вольга, працуе ў адной з маладзечанскіх школ. Кажа, за дзейную ўладу ў іх у школе працэнтаў дзесяць. Асабліва мараць пра перамены тыя супрацоўнікі, дзеці якіх жывуць у Еўропе.

Вольга, прадавец, Маладзечна: «Мама баіцца невядомасці»

– Спрэчкі пра палітыку ўзніклі з мамай яшчэ да выбараў. Маме – 60 год, яна пенсіянерка, – расказвае сваю гісторыю Вольга з Маладзечна.

Жанчына адзначае, што заўсёды цешыцца з навін пра рух да перамен і ўзрушаецца фактам парушэння правоў чалавека. Мама, чуючы гэта, пачынае апраўдваць цяперашнюю ўладу. Так узнікае спрэчка. Хаця, адзначае Вольга, інфармацыі ў мамы дастаткова. Яна не толькі глядзіць тэлебачанне, а яшчэ праглядае інтэрнэт.

– Пра тое, што адбываюцца гвалт і затрыманні, мама, увогуле, слухаць не хоча.

Спачатку мы вельмі сварыліся з-за палітыкі. А аднойчы нават зусім прыпынілі зносіны на два тыдні. Пасля проста прынялі факт, што ў нас розныя пазіцыі. Стараемся не размаўляць на палітычныя тэмы. Атрымліваецца з цяжкасцю. Лічу, што не варта спыняць сваяцкія адносіны з-за палітыкі. Прыйдзе час, усё стане на свае месцы.

А яшчэ Вольга адзначае, што нядаўна зразумела прычыну сваіх спрэчак з мамай. На яе думку, справа ў тым, што мама добра памятае, як няпроста было пасля развалу СССР:

– Цяпер 26 год ва ўладзе адзін чалавек. Мама баіцца, што пры новай уладзе застанецца без пенсіі, страціць працу, што зноў будзе цяжка. Яе проста страшыць невядомасць.

Ксенія, педагог, Вілейка: «Стараюся пазбягаць размоў пра палітыку з сяброўкай»

– З бацькамі, хоць яны ўжо і ва ўзросце, праблем у адносінах няма. У нас аднолькавыя палітычныя погляды. Так было заўсёды, – кажа жыхарка Вілейшчыны Ксенія.

Але ў жанчыны ёсць сяброўка, з якой з-за палітыкі адносіны апошнім часам нацягнутыя.

– Мы сябруем сем’ямі больш за дзесяць год. Віншуем адна адну са святамі, часам можам пасядзець за кавай. Калі здараюцца ў сем’ях нейкія складанасці, таксама стараемся дапамагчы. Размоў пра палітыку да жніўня ў нас неяк і не ўзнікала. А тут пачалося! Як аказалася, сяброўка падтрымлівае дзейную ўладу. Кажа, што людзі, якіх збіваюць, самі вінаватыя ў гэтым. І што я, калі іх апраўдваю, не ведаю ўсіх абставін.

А якія трэба ведаць абставіны, калі я бачу, як здаровы мужчына-міліцыянер б’е дзяўчыну?

Па словах Ксеніі, ёй не хацелася б разрываць кантакты з сяброўкай. Усё ж яны даўно разам. Але заўважае, што адносіны сталі больш прахалоднымі. І размоў пра палітыку стараюцца пазбягаць і яна, і сяброўка.

Шаноўныя чытачы! Калі ў вас у апошнія месяцы ўзнікалі канфлікты з сябрамі і роднымі з-за розных палітычных поглядаў і вы гатовыя расказаць свае гісторыі, звяжыцеся з намі. Запрашаем адгукнуцца і тых, хто не падтрымлівае дзейную уладу, і тых, хто падтрымлівае яе.

• Текст доступен на языке: Русский