Пратэсную акцыю ў Маладзечне 10 жніўня разганялі вайскоўцы з Бабруйска. Аб гэтым паведаміў адзінаборца Аляксей Кудзін.
Адзінаборца Аляксей Кудзін, якога затрымалі 10 жніўня і абвінавачваюць па крымінальнай справе, расказаў, што адбывалася падчас акцыі ў той дзень у Маладзечне. У тым ліку, ён паведаміў, якія службы займаліся разгонам акцыі.
— Убачыў шарэнгу салдат у абарончай форме з шчытамі і дубінкамі ў руках. А перад імі на каленях 15-20 чалавек, якія нешта ім казалі. Я падышоў бліжэй да фантана, які знаходзіцца перад плошчай, і пачуў што людзі просяць вайскоўцаў сысці і нікога не чапаць. Пазней я даведаўся, што гэта былі салдаты ўнутраных войскаў вайсковай часці 6713, якая месціцца ў Бабруйску. Менавіта гэтыя хлопцы ахоўваюць выпраўленчую калонію №2 у тым горадзе.