Дзмітры Асанаў. Фота НАК Беларусі.

Як мінімум пяць барцоў з Маладзечаншчыны падпісалі ліст Свабоднага аб’яднання спартсменаў за сумленныя выбары і аб спыненні гвалту.

Пад лістом ужо 1611 подпісаў.

Сярод падпісантаў ёсць імёны Мікалая Стадуба, Сяргея Старадуба, Дзмітрыя Асанава, Віктара Клабука, Аляксея Кудзіна.

  • Мікалай Стадуб (грэка-рымская барацьба) — майстар спорту міжнароднага класу, прызёр чэмпіянату свету сярод студэнтаў, пераможца і прызёр міжнародных спаборніцтваў, заваяваў ліцэнзію на Алімпійскія Гульні-2020.
Мікалай Стадуб. Фота БелТА.
  • Сяргей Старадуб (грэка-рымская барацьба) — майстар спорту міжнароднага класа, член нацыянальнай зборнай Беларусі (2013-2020).
Сяргей Старадуб. Фота Спартыўнай панарамы.
  • Дзмітры Асанаў (бокс) — заслужаны майстар спорту, бронзавы прызёр чэмпіянату свету-2015, пераможца II Еўрапейскіх гульняў-2019, сярэбраны прызёр I Еўрапейскіх гульняў-2015.
  • Віктар Клабук (грэка-рымская барацьба) — майстар спорту, трэнер СДЮШАР №1 Маладзечанскага райвыканкама, неаднаразовы чэмпіён і прызёр першынства Беларусі.

Нагадаем, кікбаксёр Аляксей Кудзін падпісаў ліст пасля таго, як з’ехаў за мяжу ад крымінальнага пераследу па справе аб супраціўленні супрацоўнікам органаў унутраных спраў.

Што патрабуюць спартсмены?

Падпісанты ліста Свабоднага аб’яднання спартсменаў катэгарычна асуджаюць шматлікія факты фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, праявы гвалту з боку сілавых структур да мірных пратэстоўцаў.

У падпісантаў усяго шэсць патрабаванняў:

1. Прызнаць прэзідэнцкія выбары несапраўднымі з прычыны шматлікіх фактаў фальсіфікацый і ціску на выбарчыя камісіі і правесці паўторныя выбары прэзідэнта Беларусі;

2. Вызваліць усіх грамадзян, затрыманых падчас дэманстрацый;

3. Вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зняволеных.

4. Спыніць супрацьпраўную дзейнасць супрацоўнікаў праваахоўных органаў і правесці праверкі законнасці іх дзеянняў, пачынаючы з моманту збору подпісаў для вылучэння ў кандыдаты ў прэзідэнты;

5. Выявіць і пакараць вінаватых у збіцці і зверскіх здзеках над грамадзянамі, затрыманымі падчас мірных дэманстрацый. Кіраўнікі сілавых структур, адказных за гвалт, павінны падаць у адстаўку.

6. Аказаць паўнавартасную медыцынскую, псіхалагічную, прававую і матэрыяльную дапамогу ўсім пацярпелым ад неправамерных дзеянняў прадстаўнікоў сілавых структур.