Рака Малька, на якой адбылося здарэнне. фота МНС.

8 снежня ў 15.28 ў службу 101 паступіла паведамленне аб тым, што ў рацэ Малька ў аграгарадку Малі Астравецкага раёна тоне чалавек.

Праз некалькі хвілін ратавальнікі прыбылі да месца здарэння. Высветлілася, што старшыня мясцовага сельгаспрадпрыемства Эдуард Садоўскі, галоўны заатэхнік Віктар Алекса і дырэктар філіяла прадпрыемства па вытворчасці малочных прадуктаў Ігар Варанішча, праязджаючы міма вадаёма, звярнулі ўвагу, што ў рацэ, прыкладна ў пяці метрах ад берага, боўтаецца мужчына.

Ілістае дно не давала яму магчымасці выбрацца. Выкарыстоўваючы вяроўку, якая была ў аўтамабілі пацярпелага, мужчыны дапамаглі яму.

Рака Малька ў месцы здарэння глыбінёй 1-2 метра, пакрытая лёдам таўшчынёй каля аднаго да трох сантыметраў.

Выратаваны – 65-гадовы жыхар Астраўца, вырашыў праверыць крэпасць лёду для зімовай рыбалкі. Мужчыну шпіталізавалі ў бальніцу з дыягназам «агульнае пераахалоджанне». У ледзяной вадзе ён прабыў каля пятнаццаці хвілін.

• Текст доступен на языке: Русский