На мінулым тыдні рэйдавая група ў складзе супрацоўнікаў Маладзечанскага ГРАНС, Мінскага абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях, Упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні адправіліся ў супрацьпажарны рэйд на сельскагаспадарчых арганізацыях Маладзечаншчыны.

Візіты на фермы, мехдвары, адміністрацыйныя будынкі дазваляюць на месцы ацаніць рызыкі ўзнікнення пажару і папярэдзіць бяду.

Перад рэйдам прайшла кароткая нарада ад галоўнага спецыяліста інспекцыі нагляду і прафілактыкі Мінскага абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях Андрэя Турка. Члены рэйдавай групы звярылі адрасы, удакладнілі іншую інфармацыю.

– Сёння мы павінны наведаць  аб’екты сельскагаспадарчых арганізацый, – гаворыць Андрэй Турок. – Таксама пракантраляваць працу вартаўнікоў.

Супраноўнік МНС дадаў, што прафілактыка дае вынікі. Колькасць пажараў і іншых надзвычайных сітуацый на Маладзечаншчыне з кожным годам памяньшаецца.

На першым аб’екце, а менавіта на малочна-таварнай ферме ў вёсцы Слабодка, у старожцы вогнетушыцель знаходзіцца ў закрытым памяшканні.

Па наступным адрасе, на малочна-таварнай ферме ў Капачах не было тэлефона, па якім можна вызваць выратавальнікаў. А вартаўнік, які нёс вахту ў гэты дзень, наогул не ведаў нумара выратавальнай службы.

На малочна-таварнай ферме ў Хоўхлаве работнікі дазвалялі сабе курыць ў забароненых месцах. Таксама выкарыстоўвалі ацяпляльны электрапрыбор з парушэннямі правіл.

За дзень рэйдавая група пабывала на трох аб’ектах.

– У час падобных рэйдаў увагу звяртаем на стан супрацьпажарнай бяспекі сельскагаспадарчых будынкаў. Вельмі прыемна назіраць за тымі арганізацыямі, дзе пажарная бяспека знаходзіцца на высокім узроўні. Напрыклад, на аб’екце ААТ «Селеўцы» замест катлоў на цвёрдым паліве выкарыстоўваюць канвектарныя ацяпляльныя абсталяванні, якія можна пакідаць уключанымі ў электрычную сетку без нагляду – гэта вялікі плюс. Усё гэта дапамагае паменшыць рызыку ўзнікнення пажару. Такія праверкі на Маладзечаншчыне праходзяць рэгулярна, –

падкрэсліў першы намеснік началніка Маладзечанскага ГРАНС Андрэй Рабец.

Фота з месца праверкі забяспечаныя аўтарам.