Фота the-challenger.ru.

Плануюць, што да канца гэтага года зала лячэбнай фізкультуры ў Вілейскай паліклініцы пераедзе ў іншае памяшканне. Свой кабінет для залы аддае галоўны доктар Ірына Макарава.

Пра тое, чаму зала ЛФК пераязджае і чым тут займаюцца, мы пагутарылі з доктарам-рэабілітолагам, загадчыцай аддзялення медыцынскай рэабілітацыі Наталляй Пятрышчавай.

Чаму займацца лячэбнай фізкультурай у падвале нязручна

– Кабінет ЛФК пакуль месціцца ў падвале. Там, канешне, зрабілі рамонт. Але няма вокнаў, няма безбар’ернага асяроддзя. Я часам хвалявалася, каб пацыенту, які прыйшоў з сардэчна-сасудзістым захворваннем, не стала тут дрэнна, – дзеліцца Наталля Аляксандраўна.

Па яе словах, лячэбная фізкультура, або кінэзіатэрапія – лячэнне рухамі – вельмі перспектыўны кірунак у сучаснай медыцыне. Сёння ў залу прыходзяць і пацыенты з хваробамі сэрца, і людзі з інваліднасцю, і тыя, хто перанёс пераломы, і школьнікі са скаліёзам.

Ёсць спецыяльная група для людзей, якія хварэлі на кавідныя і звычайныя пнеўманіі. З імі тут займаюцца дыхальнай гімнастыкай.

Два разы на тыдзень прыходзіць група людзей з інваліднасцю ад Вілейскага тэрытарыяльнага цэнтра абслугоўвання насельніцтва.

– Але не ўсе ахвотныя з інваліднасцю могуць прыйсці да нас займацца з-за адсутнасці безбар’ернага асяроддзя. Не кожны з іх можа пераадолець некалькі прыступак, – кажа доктар. – Часам прыходзяць людзі з пераломамі на мыліцах. Уявіце, як ім няпроста спусціцца ў падвал.

Галоўны доктар сама прапанавала свой кабінет для ЛФК

Наталля Аляксандраўна працуе доктарам-рэабілітолагам 15 год. Кажа, што ўвесь час хацела для заняткаў іншае памяшканне. Хацелася больш зручнасці і для пацыентаў, і для медработнікаў, якія сумленна і адказна дапамагаюць хворым рэабілітавацца. Сярод такіх – інструктар ЛФК Таццяна Іваньковіч.

У той жа час доктар разумела: лішніх кабінетаў у бальніцы няма. А для ЛФК памяшканне трэба вялікае. Тут і трэнажоры, і групавыя заняткі. Нарэшце, сёлета праблема вырашаецца.

Цяпер зала будзе на першым паверсе паліклінікі. Ганак будынка абсталяваны пандусамі. Тут жа, на першым паверсе, гардэроб.

– Канешне, мы не адбіралі кабінет у галоўнага доктара. Ірына Паўлаўна сама прапанавала, – кажа суразмоўца. – Побач з кабінетам ёсць яшчэ пакой. Туды мы паставім трэнажоры. У новую залу перанясём шведскую сценку, кушэткі, столік для распрацоўкі пасля траўмаў, спартыўны інвентар. Пасярэдзіне залы будзе зона для групавых заняткаў.

Што такое ЛФК

Лячэбная фізічная культура (ЛФК) – гэта метад уздзеяння на чалавечы арганізм з дапамогай фізічных практыкаванняў у лячэбных, прафілактычных і рэабілітацыйных мэтах. Фізічныя практыкаванні спецыяльна падбіраюцца ў залежнасці ад захворвання і стану хворага. Комплекс практыкаванняў можа быць накіраваны на ўмацаванне агульнага стану арганізма або ўяўляць сабой спецыяльную трэніроўку, накіраваную на ліквідацыю парушэнняў у рабоце якога-небудзь канкрэтнага органа або сістэмы ў арганізме. Дыхальныя практыкаванні, розныя лячэбныя гімнастыкі, спартыўна-прыкладныя практыкаванні таксама з’яўляюцца разнавіднасцю ЛФК. Лячэбная фізкультура паказаная для любога ўзросту і можа прымяняцца нават у выпадку цяжкіх захворванняў. Галоўнае, каб практыкаванні былі прызначаныя доктарам.

Самавольна падабраныя практыкаванні могуць пагоршыць стан.

Таксама важна, каб практыкаванні выконваліся правільна. Таму звычайна заняткі ЛФК праходзяць пад наглядам медыка ў лячэбнай установе. Менавіта неабходнасць медыцынскага прызначэння і медыцынскага кантролю адрознівае ЛФК ад іншых відаў фізічнай культуры. ЛФК прымяняюць у траўматалогіі, артапедыі, неўралогіі, кардыялогіі, пульманалогіі.

• Текст доступен на языке: Русский