Фота bcons.com.ru

У Беларусі ў чарговы раз загаварылі аб скарачэнні дэкрэтнага адпачынку. Пару тыдняў таму Аляксандр Лукашэнка заявіў пра важнасць «абмеркаваць магчымасць скарачэння дэкрэтнага, які ў нас адзін з самых працяглых у свеце». Падтрымала яго міністр працы і сацабароны Ірына Касцевіч.

На яе думку, калі ў Беларусі забяспечаць паўнавартасны догляд за дзецьмі ранняга ўзросту, будзе дастаткова ясельных груп, то дэкрэтны можна скараціць.

А які дэкрэтны дзяржава прапануе жанчынам у Германіі?

Дапамога па цяжарнасці ў гэтай краіне – не адна выплата, а сукупнасць плацяжоў. Для выплаты кожнага ў іх вызначаныя спецыяльныя абставіны і сумы. Апошнія залежаць ад розных фактараў, уключаючы ўстанову, куды падаецца запыт, і сістэму разліку плацяжоў.

Адпачынак па цяжарнасці і родах – ахова мацярынства

Гэты перыяд называецца Mutterschutz – ахова мацярынства. Гэта, па сутнасці, бальнічны, і выдаецца за шэсць тыдняў да даты родаў, якую пацвердзіў доктар.

Згодна з гэтым дакументам, жанчына можа знаходзіцца на бальнічным яшчэ на працягу двух з паловай месяцаў пасля з’яўлення дзіцяці на свет.

Выплаты па Mutterschutz робяцца працадаўцам сумесна з сацыяльнымі (страхавымі) службамі. Іх сума складае 100% заробку, які атрымлівала парадзіха ў Германіі.

Тэрмін восем тыдняў не азначае, што жанчыне абавязкова трэба вярнуцца на працу, бо заканадаўствам прадугледжаныя іншыя віды дапамогі па доглядзе за дзіцем.

За аховай мацярынства ідзе час бацькоў

У Германіі дзейнічае Elternzeit «час бацькоў». Гэта значыць, што і бацька, і маці могуць скарыстацца правам на адпачынак па доглядзе за дзіцем, пакуль дзіцяці не споўніцца тры гады. Час бацькоў даецца на наступных умовах:

– браць адпачынак бацькі могуць толькі па чарзе;

– кожны з бацькоў можа браць адпачынак тэрмінам не больш за год;

– мінімальны тэрмін адпачынку можа складаць два месяцы.

У некаторых федэральных землях «час бацькоў» распаўсюджваецца на дзяцей ад трох да васьмі гадоў.

Калі бацькі захочуць узяць такі адпачынак, яны павінны загадзя, за сем тыдняў да вызначанага тэрміну, папярэдзіць працадаўцу. У адваротным выпадку можна атрымаць адмову пра афармленне водпуску з жаданай даты.

Частковая занятасць у дэкрэтным адпачынку

Знаходзячыся ў дэкрэтным адпачынку, бацькі могуць працаваць няпоўны працоўны дзень са знаходжаннем на працы не больш за 30 гадзін на тыдзень. Такі варыянт дае магчымасць атрымліваць дапамогу па доглядзе за дзіцем, а таксама мець заробак.