На месцы здарэння. Фота УУС Мінаблвыканкама.

Тоны брагі і паўтары сотні літраў самагонкі знайшлі работнікі патрульна-паставой службы пад Маладзечна.

Напярэдадні вечарам у вёсцы Вязавец каля 21-й гадзіны міліцыянкры заспелі бутлегераў за працай у гаспадарчай пабудове на дачным участку. 150 літраў самагона было разліта ў 20-літровыя каністры.

Гаспадар – 28-гадовы мясцовы жыхар, які нідзе не працуе. Міліцыя сёлета адсюль двойчы вывозіла самагонны апарат.

Па выніку больш за сем тон самагоннай брагі знішчылі, партыю гатовага прадукта канфіскавалі. Узоры спіртазмяшчальнай вадкасці накіравалі на экспертызу. Сам вытворчы агрэгат дэмантавалі і канфіскавалі.

Падчас затрымання на месца прыйшло шасцёра знаёмых гаспадара. Госці у грубай форме размаўлялі з супрацоўнікамі міліцыі і нецэнзурна лаяліся.

На неаднаразовыя патрабаванні не перашкаджаць ім працаваць грамадзяне не рэагавалі. Адзін стаў замахвацца на супрацоўніка, справакаваўшы апошняга на дзеянні ў адказ і прымяненне фізічнай сілы.

35-гадовага забіяку і яго жонку затрымалі і даставілі для разбору ў РАУС. У дзеяннях жыхароў вёскі Насілава міліцыянеры ўгледзелі непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, фігуранты інцыдэнту падлягаюць прыцягненню да адміністрацыйнай адказнасці.

• Текст доступен на языке: Русский