У сеціве з’явіўся дакумент з загадам кіраўніка філіяла «Мінсктранса». У дакуменце гаворка ідзе пра кіроўцу, у якога 10 жніўня трапіла светлашумавая гранатп, і пра тое, што ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па гэтым выпадку следчыя адмовілі.

Паранены Павел Сібілеў – маладзечанец, бацька траіх сыноў.

У загадзе, які атрымалі супрацоўнікі філіяла «Мінсктранса», гаворка ідзе пра тое, каб правесці прафілактычную працу і пазапланавы інструктаж, каб выключыць выпадкі траўматызму на працы. Звязана гэта з «няшчасным выпадку на вытворчасці» Паўла Сібілева – кіроўцы аўтобуса, у якога трапіла светлашумавая граната 10 жніўня. У загадзе «Мінсктрансу» таксама сказана, што Фрунзенскі раённы аддзел Следчага камітэта выпісаў пастанову ад 25 лістапада 2020 года аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы.

– Следства прыйшло да высновы, што факт наўмыснага здзяйснення супрацоўнікамі праваахоўных органаў дзеянняў, якія відавочна выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, прадастаўленых ім па службе, якое прыводзіць да прычынення істотнай шкоды правам і законным інтарэсам грамадзян або дзяржаўным ці грамадскім інтарэсам, спалучанага з гвалтам, пакутай ці абразай пацярпелага альбо прымянення зброі або спецыяльных сродкаў, не знайшоў свайго пацверджання, у сувязі з чым у дзеяннях супрацоўнікаў праваахоўных органаў адсутнічае склад злачынства арт. 426 КК Рэспублікі Беларусь (Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў). У ходзе праверкі ўстаноўлена, што Павел Сібілеў атрымаў цялесныя пашкоджанні ў выніку няшчаснага выпадку, а менавіта выбуху на адлегласці ад аднаго метра ад яго светлашумавой гранаты.

У дакуменце рэзюмуюць: сілавікі знаходзіліся далёка, таму зрабіць мэтанакіраваны стрэл было немагчыма. На думку следства, не ўстаноўлена, што няшчасны выпадак адбыўся па віне сілавікоў або па віне службовых асобаў «Мінсктранса».

Павел Сібілаў адмовіўся ад каментароў.

Нагадаем, Павел Сібілаў – пацярпелы ад сілавога разгону пратэстаў ўвечары 10 жніўня. Яго аўтобус № 163 (Сухарава – Варанянскага) апынуўся заблакаваным на дарозе паміж прыпынкамі ў станцый метро «Спартыўная» і «Пушкінская». Высадзіўшы пасажыраў, Павел і яго калегі з іншых аўтобусаў і тралейбусаў чакалі, калі можна будзе праехаць. Мужчына атрымаў раненне ад светлашумавыя гранаты, калі вяртаўся ў салон. Раней ён распавядаў, што яго проста прыпячатаў да аўтобуса. У Ваенным шпіталі ён правёў месяц. У медычнай выпіскі было пазначана: мінна-выбуховае раненне вобласці паясніцы з шырокім дэфектам мяккіх тканін, агнястрэльная пералом асцюкаватых атожылкаў LII-LIII пазванкоў, множныя паверхневыя раненні левага пляча, удар нырак.

• Текст доступен на языке: Русский