Фота finstat.info.

У Валожыне работнік прадпрыемства скраў грошы ў калегі, паведамілі БЕЛТА ва УУС Мінскага аблвыканкама.

У аператыўна-дзяжурную службу Валожынскага РАУС звярнуўся 28-гадовы жыхар аграгарадка Ракаў і паведаміў, што ў яго скралі грошы. Калі дакладна зніклі грошы, мужчына растлумачыць не мог. У барсетцы ў яго ляжала некалькі стодоларавых купюр. Пераапранаючыся ў спецвопратку, ён пакідаў сумку ў гардэробе. Калектыў быў невялікі, усе адзін аднаму давяралі, таму шафкі не замыкаліся. Перыядычна мужчына проста правяраў грошы, але не пералічваў. У той дзень пацярпеламу здалося, што купюр замала, і ў выніку ён недалічыўся  трохсот долараў. Мужчына адразу ж паведаміў пра знікненне ў міліцыю.

Пасля размовы з супрацоўнікамі прадпрыемства аператыўнікі выказалі здагадку, што  скрасці грошы мог 23-гадовы супрацаўнік. Раней той ужо прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за маёмасныя злачынствы. Малады чалавек у дзень меркаванага крадзяжу пайшоў на бальнічны. Па месцы рэгістрацыі яго не засталі. Па словах сваякоў, ён адправіўся ў Мінск да сваёй дзяўчыны, але дзе яго шукаць, ніхто не ведаў.

Калі падазраванага знайшлі, у крадзяжы ён прызнаўся. Як аказалася, грошы з барсеткі малады чалавек выкрадаў двойчы. Спачатку выцягнуў сотню, а калі сыходзіў на бальнічны, прыхапіў яшчэ дзве. На прадпрыемстве ён працаваў часова, з бальнічнага вяртацца ўжо не збіраўся. Выкрадзеныя грошы паспеў патраціць – аплаціў штраф, наняў кватэру ў Мінску, а на апошнія вырашыў купіць сваёй дзяўчыне ў падарунак чаравікі, – распавялі ў ведамстве.

У цяперашні час хлопец затрыманы і знаходзіцца ў ІЧУ.