Фота enjourney.ru.

Шматлікія інтэрнэт-крыніцы раяць ехаць у Германію, каб адчуць сапраўдную атмасферу Калядаў. А мы вырашылі падгледзець за каляднымі традыцыямі немцаў. Магчыма, некаторыя з іх беларусы могуць запазычыць, а некаторыя ўжо запазычылі.

Упрыгожванне дома і двара

Звычайна немцы ўпрыгожваюць жыллё ўжо ў пачатку снежня. Кладуць на стол прыгожы абрус і хвойны вянок, у вазу ставяць пару яловых галінак. На паліцах расстаўляюць фігуркі і свечкі. На дрэвах і дамах з’яўляюцца рознакаляровыя гірлянды, на дзверы вешаюць вянок, упрыгожаны яркімі стужкамі. На падваконні ставяць домікі, у якіх свецяцца акенцы, развешваюць драўляныя фігуркі. Шыбы на вокнах распісваюць сняжынкамі, малюнкамі.

Фота dietrich-moebel.ru.

У нямецкіх крамах прадаецца мноства разнастайных дэкарацый, гірляндаў, падвесак, пацерак, статуэтак і іншых прыгожых штук для ўпрыгожвання вокнаў. Самымі простымі з’яўляюцца розныя аплікацыі, якія самі трымаюцца за шыбы і выдаляюцца з іх без следу. Гэта не сняжынкі, якія ў савецкі час мы старанна клеілі на гаспадарчае мыла. Дарэчы, да традыцыйных папяровых сняжынак тут дадаюць анёлкаў, зоркі, званочкі.

Калі гэта прыватныя дамы, то звонку падвешваюцца ліхтарыкі ў выглядзе велізарных зорак ці сняжынак. Платы, расліннасць у дварах, а часам і акантоўка дахаў аблытваюцца гірляндамі. На газонах выстаўляюць аленяў ці зайцаў, якія свецяцца. У вокны дамоў па зіхоткіх лесвіцах лезуць мігатлівыя Дзяды Марозы.

Дуга Schwibbogen

На падваконнях дамоў у перадкалядную пару заўважаныя Schwibbogen – дугі, якія свецяцца. Аднак яны не заўсёды былі калядным атрыбутам. Некалі такія дугі прыдумалі нямецкія шахцёры.

Святочная дуга. Фота pikabu.ru

Schwibbogen з’яўляліся агеньчыкам надзеі для працаўнікоў – здабытчыкаў руды. Шахцёры сыходзілі працаваць у шахты задоўга да світання, а вярталіся ўжо ў цемры. Лямпачкі на дугах увасаблялі тугу па сонечным святле, якога працоўныя па некалькі месяцаў не бачылі. Раней дугі выраблялі з металу. Сёння іх робяць з дрэва ці кары. Schwibbogen упрыгожваюць падваконні на калядныя святы, нібы паказваючы шлях дадому падарожнікам і працаўнікам.

Біблейскія сюжэты

На гарадскіх плошчах, у дварах дамоў, вітрынах крам усталёўваюць батлейкі – Weihnachtskrippe. Яны аднаўляюць пячору, у якой, паводле біблейскай міфалогіі, нарадзіўся Ісус, з яслямі і фігурамі некаторых герояў Бібліі. У нямецкіх дамах выстаўленне Weihnachtskrippe – такі ж звычай, як і выстаўленне каляднай ялінкі.

Асноўныя калядныя колеры – чырвоны і зялёны.

Такая каляровая гама першапачаткова дыктавалася рэлігіяй. Чырвоны – увасабленне крыві Хрыста, зялёны – веры і надзеі.

Зорка нямецкіх Калядаў – пуансэція

Незвычайнае каляднае ўпрыгожванне, якое сустракаецца ў дамах немцаў – кветка пуансэція, або багаткі прыгожыя. Кветка не туліцца на падваконні або ў куце, а займае самае пачэснае месца, часта – побач з калядным вянком. Пуансэцію называюць «Калядная зорка» за ярка-чырвонае верхняе лісце, якое, нібы кветка, распускаецца над ніжнімі зялёнымі лістамі. Спалучэнне чырвона-зялёнага і прыгажосць дамашняй кветкі зрабілі яе сучасным калядным сімвалам Германіі, хоць радзімай кветкі з’яўляецца Мексіка.

Колеры нямецкіх Калядаў у пуансэціі. Фота fenix.today.

Пра назву расліны ёсць легенда. Згодна з ёй, у беднай дзяўчыны па імені Пепіта не было падарунка, каб аднесці ў царкву на Божае нараджэнне. Замест падарунка Пепіта прынесла ў царкву кветку, якая зацвіла і стала самай прыгожай з усіх дарункаў.

Каляндар з прысмакамі

Нямецкія дзеці звычайна не ўяўляюць перыяд да наступлення Калядаў без адвент-календара. Гэта дзіцячы каляндар з 24 акенцамі, якія трэба адкрываць па адным кожны дзень ад 1 да 24 снежня. Калядны каляндар карыстаецца папулярнасцю не толькі ў дзяцей, але і ў дарослых.

Адвент-каляндар. Фота enjourney.ru.

Дзень Святога Мікалая

У перадкалядны перыяд немцы адзначаюць свята 6 снежня – der Nikolaus ist da (Мікалай – тут). Не трэба атаясамліваць Мікалая з нямецкім Дзедам Марозам (Weihnachtsmann), які прыходзіць на Каляды.

А ўвечары, 5 снежня, дзеці каля дзвярэй пакідаюць шкарпэтку, наваксаваны чаравік або невялікі мяшок, каб Мікалай паклаў туды цукеркі, мандарыны, прысмакі і маленькія прэзенты.

Навагодняя ялінка

Звычай упрыгожваць вечназялёнае дрэва на Каляды ў Германіі з’явіўся ў сярэднія вякі. Тады перад  разыгрывалі сцэну грэхападзення Адама і Евы і выгнання з раю на зямлю. У ролі дрэва, з якога Адам сарваў забаронены плод, і выступала ялінка з прывязанымі да галін чырвонымі яблыкамі.

У 17 стагоддзі немцы, якія жылі заможна, пачалі замаўляць калядныя спектаклі дадому. А бяднейшыя ігралі сцэну грэхападзення дома з дзецьмі, выкарыстоўваючы ўпрыгожанае хваёвае дрэва ў якасці дэкарацыі. Так паступова ялінка стала нязменным атрыбутам святкавання Калядаў.

Фота obi.ru.

Упрыгожаныя ёлкі ставяць падчас правядзення свят не толькі ў нямецкіх дамах, але і на вуліцах, плошчах, у гандлёвых цэнтрах, рэстаранах. Дрэва ўпрыгожваюць разнастайнымі цацкамі, свечкамі, гірляндамі і лямпачкамі. Верхавіну вянчае Віфлеемская зорка ці анёлак з залатымі крыламі. Дома можна выкарыстоўваць і ядомыя ўпрыгожванні: дамашняе печыва, арэхі і шакаладныя цукеркі. Асаблівым задавальненнем сям’і з’яўляецца рабаванне ялінкі пасля святаў.

Звычайна самыя танныя ялінкі каштуюць 15 еўра за метр – каля 47 рублёў. Для параўнання святочнае дрэва ад метра да двух у Вілейскім лясгасе будзе каштаваць каля 12 рублёў. Часта немцы замаўляюць жывое дрэва па інтэрнэце. Замоўленую ялінку дастаўляюць дамоў.

Калядныя кірмашы

Калядныя кірмашы адкрываюцца ў лістападзе. Сімвалічнай датай пачатку падрыхтоўкі да свята з’яўляецца 11 лістапада ў 11 гадзін 11 хвілін. Усталёўваюцца каруселі і атракцыёны, праводзяцца конкурсы і розыгрышы, у палатках прапануюць калядныя стравы, прадаюцца сувеніры і вырабы каляднай тэматыкі.

Нямецкі калядны кірмаш. Фота holidaygid.ru.

У кожным нямецкім горадзе ці населеным пункце ёсць месца для каляднага кірмашу. У Берліне ў перадкалядны перыяд дзейнічае адначасова некалькі кірмашоў. Турыстам рэкамендуюць пакаштаваць:

  • нямецкія кілбаскі;
  • айнтопф – калядны мясны суп;
  • смажаныя каштаны;
  • марцыпаны;
  • святочнае печыва і імбірныя пернікі ў глазуры;
  • нямецкі глінтвейн і яечны пунш.

Толькі сёлета традыцыйныя нямецкія кірмашы адмянілі з-за пандэміі.

• Текст доступен на языке: Русский