
Працягваем традыцыйную серыю публікацый пра тое, што прыносілі мінулыя гады Быка ў рэгіён. Сёння прыгадаем Вілейшчыну.
1937
Вілейка стала маленькай Венецыяй. Рэкі Вілія і Пляснянка разліліся і затапілі вуліцу Пілсудскага (цяпер Савецкая).
30 мая ў Вілейцы зладзілі роварныя гонкі на дыстанцыю 20 кіламетраў за пераходную ўзнагароду Вілейскага таварыства роварнага спорту.

У Салаўках расстраляны ўраджэнец Вілейкі, грамадска-палітычны дзеяч, публіцыст, педагог Флягонт Валынец.
Вілейская паэтка Ганна Новік упершыню выступіла ў друку з вершамі.
1949
Сяляне вёскі Муляры, што цяпер у Іжанскім сельсавеце, аб’ядналіся ў калгас імя Будзённага. Пазней ён далучыўся да калгаса імя Кірава ў Зольках.
Вілейскі РАУС пераязджае ў новы будынак. Тут, на вуліцы 1 Мая, ён знаходзіцца і сёння.

Стварылі Вілейскі малаказавод. Першапачаткова прадпрыемства спецыялізавалася на вытворчасці кефіру.
72,9% сялянскіх гаспадарак Вілейшчыны калектывізавалі.
Члены банды ў Альковічах забілі ўчастковага оперупаўнаважанага Рыціка.
1 верасня Вілейскі гарсавет дэпутатаў перадае каробку недабудаванага кінатэатра «Перамога» Аблмаслапраму пад халадзільнік. Некаторы час там быў кілбасны цэх. Сёння закінуты будынак, які стаіць у цэнтры Вілейкі, побач з кінатэатрам «Мір», тнезапатрабаваны.
1961
У Вілейцы нарадзіўся будучы саліст групы «Песняры» Валеры Скаражонак. Выйшаў паэтычны зборнік Ганны Новік «Мае вёсны».
Пачынаюць працаваць яслі-сад №3.
Саўгасам «Любань» пачаў кіраваць Яўген Мірановіч. Пры ім у саўгасе быў кансервавы завод, спіртзавод, цэх шыпучых вінаў. Гадавалі авечак і выпускалі брынзу і кумыс, вырошчвалі шампіньёны. Тут жа быў вялікі сад і раслі пладовыя кусты, былі пасека і рыбная гаспадарка. Пры Мірановічу ў Любані пабудавалі кантору, клуб, новую школу. У ёй запрошаны мастак стварыў галерэю партрэтаў лепшых працаўнікоў саўгаса.
1973
Пачаў працаваць завод «Зеніт», а з ім будаваліся шматпавярховыя дамы для работнікаў.
8 верасня, у час будаўніцтва Вілейска-Мінскай воднай сістэмы, за 45 хвілін урачыста перакрылі раку Вілію, каб утварыць Вілейскае вадасховішча.

Скасавалі Ваўкалацкі і Мільчанскі сельскія Саветы і далучылі іх да Даўгінаўскага. А Жарскі – да Касцяневіцкага. Кузьміцкі сельсавет перайменавалі ў Журыхскі.
Адбыліся маштабныя раскопкі ў Кастыках. Пад кіраўніцтвам навукоўца Яраслава Звяругі даследавалі сем старажытных курганоў.
1985
Пры гарадскім Доме культуры стварылі жаночую і мужчынскую вакальныя групы ветэранаў, якія пазней аб’ядналіся ў адзін калектыў.
У маі адкрылі Вілейскі краязнаўчы музей. Пачала працаваць першая экспазіцыя, якая адлюстравала гісторыю раёна ад дарэвалюцыйнага мінулага да савецкага перыяду.

У Вілейцы пабудавалі аўтавакзал. У снежні 2019 правялі яго маштабную рэканструкцыю.
Аўташкола выпусціла першую групу кіроўцаў.
1997
Асвяцілі царкву ў імя свяціцеля Ціхана.
Абнавіўся асартымент Вілейскай мэблевай фабрыкі. Сталі вырабляць камоды, тумбы, шафы, сталы, наборы мэблі для кухні.
У ЗША чалавекам года ў галіне педагогікі назвалі ўраджэнца Ільі прафесара Адама Грымаця. Яго імя сёння носіць Ільянская сярэдняя школа.
Пры Вілейскім краязнаўчым музеі адкрылі выставачную залу імя Нікадзіма Сілівановіча.

Зладзілі першы конкурс прыгажосці ў Вілейцы. Ён жа быў адборачным турам нацыянальнага конкурсу «Міс Беларусь». Удзельнічалі 12 дзяўчат.
2009
Жарскі сельсавет перайменавалі ў Сцешыцкі.
У чэрвені ля Вілейкі адкрылі мемарыял «Памяці зніклых вёсак».
У гонар 65-годдзя вызвалення Беларусі ад фашыстаў і па ініцыятыве культурна- асветніцкага грамадскага аб’яднання азербайджанцаў у Беларусі «Габустан» ля будынка Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі па вуліцы Савецкай усталявалі помнік 35-й гвардзейскай танкавай брыгады, якая 1-2 ліпеня 1944 года вызваляла Вілейку, Азі Асланаву.
Нацыянальны банк Польшчы ў серыі знакамітым польскім мастакам выпусціў у абарачэнне дзве памятныя манеты, прысвечаныя Уладзіславу Страмінскаму. Два перыяды жыцця мастака былі звязаныя з Вілейкай. Тут ён жыў і працаваў у 1923-24 і 1939-40 гадах.

20 верасня ў вёсцы Карэкаўцы ўсталявалі памятны знак у гонар сяброўства ўраджэнца вёскі паэта Эдварда Жалігоўскага і Тараса Шаўчэнкі.
Побач з Вілейкай актывісты стварылі экалога-турыстычны аб’ект «Віллянін хутар».
У сувязі з рэарганізацыяй Вілейскі гармалаказавод перайменавалі ў філіял Маладзечанскага малочнага камбіната.
• Текст доступен на языке: Русский