Маладая чайка нясе маску ў клюве. Фото Reuters.

На фоне другой хвалі пандэміі Covid-19 па ўсёй Беларусі ад 18 лістапада ўвялі абавязковы маскавы рэжым. Маскі зніжаюць рызыку заражэння і перадачы віруса, але цяпер яны самі сталі пагрозай здароўю планеты.

Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) і ўстанова «Цэнтр экалагічных рашэнняў» (ЦЭР) тлумачаць, чаму.

Маскавы рэжым мае на ўвазе, што цяпер выкідваецца больш аднаразовых масак, чым раней. Лёгка заўважыць, што нават на вуліцах Мінску, дзе сметніцу знайсці звычайна нескладана, людзі часта выкідваюць маскі проста пад ногі. Праблема не толькі ў эстэтыцы: аднаразовыя маскі ўтрымліваюць пластык, які забруджвае ваду і глебу. Яны таксама з’яўляюцца крыніцай небяспекі для дзікіх жывёл.

Згодна з BBC, у Англіі афіцыйная рэкамендацыя – па магчымасці насіць шматразовую маску, якую можна сціраць. А выкарыстаныя аднаразовыя маскі патрэбна выкідваць у бакі ў мяшках для агульнага смецця, якое не падлягае перапрацоўцы.

Улічваючы колькасць насельніцтва Беларусі і тое, што аднаразовыя маскі трэба рэгулярна мяняць, прыкінем, што кожны дзень выкідваюць больш за два мільёны аднаразовых масак. Яны зробленыя з нятканага матэрыялу – палімерных валокнаў, і ў Беларусі іх не перапрацоўваюць. Аднаразовыя маскі дзясяткі гадоў правядуць на палігоне, дзе ў выніку альбо раскладуць на мікраволокны, альбо не раскладуцца наогул у выпадку, калі іх чымсьці засыпаць і пакінуць без доступу паветра.

Дырэктар ЦЭР Яўген Лабанаў тлумачыць:

– У выпадку масак мікрапластык будзе ўяўляць сабой маленькія часцінкі або валакны, на якія падзяляецца маска пры ўздзеянні паветра, вады ці трэння. Гэтыя часцінкі ў доўгатэрміновай перспектыве будуць трапляць у навакольнае асяроддзе. Яны не растваральныя ў вадзе і могуць назапашваць іншыя рэчывы, напрыклад, цяжкія металы або арганіку. У гэтым выглядзе іх будуць з’ядаць жывёлы. Адтуль мікропластык ужо можа дайсці па харчовым ланцужку назад да чалавека і прадстаўляць небяспеку для нашага здароўя.

ЦЭР разам з АПБ падрыхтавалі падрабязную інструкцыю аб тым, як выкарыстоўваць і утылізаваць ахоўныя маскі.

Каб правільна пазбавіцца ад выкарыстаных медыцынскіх масак, трэба:

  1. акуратна зняць маску за завязкі (гумкі),
  2. адарваць завязкі (гумкі),
  3. змясціць усё ў пакет (можна папяровы),
  4. затым – у закрытую скрыню або кантэйнер для агульных адходаў.

Маладая чайка заблыталася ў гумках ад маскі. Фота SUE SCHWAR, SOUTH ESSEX WILDLIFE HOSPITAL, BBC.

Не варта выкідваць выкарыстаныя маскі ў кантэйнеры для другаснай сыравіны, у тым ліку для пластыка. Не варта выкідваць маскі ў вулічныя урны, з якіх вецер можа іх забраць. Забаронена змываць выкарыстаныя маскі ў каналізацыю, таму што яны могуць прывесці да няспраўнасці сістэмы вадаачышчэння. Маскі, якія выкарыстоўваюць у медыцынскіх установах, павінны быць ўтылізаваныя як медыцынскія адходы па сваіх правілах.

Калі вы носіце маску з перасцярогі, то выкарыстоўвайце шматразовую. Іх можна купіць у аптэцы (марлевыя) або зрабіць самастойна з марлі, бавоўны або іншай тканіны. Такія маскі могуць служыць даволі доўга. Пасля зносу іх можна выкарыстоўваць як рыззё. Не забудзьцеся пасля яе ўтылізацыі вымыць рукі.

Ідэальны варыянт – усталяваць асобныя кантэйнеры для збору забруджаных аднаразовых сродкаў індывідуальнай абароны.

Маскі таксама здольныя нанесці шкоду дзікім жывёлам, якія могуць у іх заблытацца ці з’есці іх. Менавіта таму заклікаюць людзей абразаць або абрываць гумкі з масак перад утылізацыяй.

Дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі ўдакладняе:

– З пачаткам пандэміі ў інтэрнэце з’явілася мноства фотасведчанняў з птушкамі, заблытаных у масках. Звяры могуць, як правіла, сцягнуць з сябе маску лапамі. А птушкі сярэдняй велічыні, такія як качкі або чайкі, апранаюць маску на шыю або заблытваюцца ў гумках нагамі. Ім не выратавацца самім. Нам жа нічога не варта адарваць гумкі перад утылізацыяй маскі. А лепш выкарыстоўваць шматразовыя.

Чаму гэта так важна

Можа здацца, што праблемы дзікай прыроды другасныя ў параўнанні з сотнямі тысяч смерцяў ад віруса па ўсім свеце. Аднак чалавек – частка прыроды, мы непарыўна звязаныя з навакольным асяроддзем. Жывёлы заблытваюцца ў смецці, заглынаюць яго, гінуць ад яго.

А менавіта з памяншэннем біяразнастайнасці зараз навукоўцы звязваюць ўзнікненне пандэміі COVID-19 і магчымых пандэмій будучыні.

Атрымліваецца замкнёнае кола, выйсці з якога дапамогуць больш ўсвядомленае спажыванне, экалагічныя звычкі і пісьменная ўтылізацыя адходаў.

АПБ і ЦЭР адправілі лісты ў Міністэрства аховы здароўя, ПРААН, прадстаўніцтва ЮНІСЕФ і СААЗ у Беларусі пра небяспеку, якую маскі нясуць дзікай прыродзе, і аб правільнай іх ўтылізацыі. У арганізацыях спадзяюцца, што гэтая інфармацыя з’явіцца на плакатах арганізацый і іншых інфармацыйных матэрыялах па барацьбе з COVID-19.