На Вілейскім вадасховішчы ў снежні. Фота Алены Граковіч.

Вілейскае вадасховішча і азёры на Мядзельшчыне летась не замярзалі ўпершыню за 25-30 гадоў, паведамілі на выратавальных станцыях. На 9 снежня, калі мы гутарылі са спецыялістамі, лёду ні на вадасховішчы, ні на азёрах таксама яшчэ не было.

Спецыялісты Вілейскай выратавальнай станцыі расказалі, што каля берагоў вадасховішча плавае шуга – кавалкі тонкага паламанага лёду. Яны не даюць рыбакам плаваць на лодках. Падобная сітуацыя і на вадаёмах Мядзельшчыны. Спецыялісты таксама паведамілі карэспандэнту, што з лёдам на азёрах Мядзельшчыны «пакуль дэфіцыт».

Па словах спецыялістаў, каб усталяваўся трывалы лёд на вадаёме, трэба тры- чатыры дні марознага надвор’я. Пры гэтым не павінна быць вятроў і хваляў.

Ці ўплывае адсутнасць лёду на насельнікаў вадаёмаў? Пра гэта мы запыталі ў старшага навуковага супрацоўніка навукова-практычнага цэнтра па біярэсурсах Руслана Навіцкага.

– Умераны клімат прымушае насельнікаў вадаёмаў адаптавацца да сезоннасці – змены перыядаў актыўнасці і спакою. Перыяд спакою звязаны з асаблівасцямі зімовых умоў, у тым ліку з паніжэннем тэмпературы, – адзначыў Руслан.

Па яго словах, калі вадаём не замярзае, жывыя арганізмы не сыходзяць на спакой і хутчэй трацяць назапашаныя пажыўныя рэчывы.

Але калі няма лёду, насельнікам вадаёмаў лепш дыхаць. Бо глыбокае прамярзанне пагаршае кіслародны абмен. А так вецер і хвалі даюць кісларод.

Такім чынам, адзначыў эксперт, тое, што вадаёмы не замярзаюць зімой, для рыбы і іншых жывых арганізмаў нядрэнна. Куды горш тое, што з-за змянення клімату летам на вадаёмах пры высокай тэмпературы здараецца мор рыбы.

• Текст доступен на языке: Русский