Фота Настассі УТКІНАЙ. Падчас акцый і шэсцяў да пратэстоўцаў часам падыходзяць сталыя людзі і крытыкуюць іх.

Падчас акцый пратэстаў да ўдзельнікаў часам падыходзяць сталыя людзі з крытыкай. Яны кажуць: «Чаго вам тут не жывецца? Мне вось пенсію Лукашэнка плаціць, і ўсё добра. Не падабаецца – едзьце ў Варшаву».

Расказваем, ці карэктна казаць, што пенсію плаціць Аляксандр Лукашэнка і чаму пенсіянерам нявыгадна, каб моладзь з’язджала за мяжу.

Адкуль ідуць пенсіі

Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва – гэта пазабюджэтны фонд, які складае каля 10% ВВП. За кошт яго плацяць пенсіі і дапамогі.

Фінансавы аналітык праекта «Кошт урада» Жанна Кулакова ўдакладняе:

– Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва хранічна не хапае грошай, каб спраўляцца са сваімі асноўнымі абавязкамі. Таму каб ФЗАН змог выплаціць усе неабходыя пенсіі і дапамогі, ён атрымлівае дапамогу з рэспубліканскага бюджэту.

Так пенсіянеры атрымліваюць выплаты за кошт таго, што працуючыя людзі сплачваюць абавязковыя плацяжы. Пра гэта падрабязней патлумачыў навуковы супрацоўнік Цэнтра эканамічных даследаванняў «Beroc» Леў Львоўскі:

– Цяпер у нас цалкам кансалідаваная пенсійная сістэма. Гэта значыць, што ўсю пенсію выплачваюць з бюджэту. У Беларусі грошы бралі з паветра толькі калі Расія давала шчодрыя субсідыі. Больш грошы з паветра ў Беларусі не бяруцца. Гэта азначае, што ўсе грошы ў бюджэце – гэта прадукт дзейнасці людзей і прадпрыемстваў у Беларусі. Пенсію плацяць з падаткаў, якія аддаюць у бюджэт.

Адкуль жа ў людзей узялася думка, што пенсіі плаціць Аляксандр Лукашэнка?

– Ідэя таго, што існуе штосьці бясплатнае, сфарміравалася ў Савецкім Саюзе – бясплатная медыцына, бясплатная адукацыя, – разважае Львоўскі. – І што пенсіі бяруцца бясплатна або ад дзяржавы. Гэтым доўга замбіравалі людзей. Бясплатнага нічога не бывае. Бывае тое, на што людзі скідваюцца ўсе разам і на гэтыя мэты пасля выплачваюць з бюджэту.

Фота Настассі УТКІНАЙ. Пенсія беларусаў у сярэднім у 3,5 разы меншая за польскую.

Ці маглі бы пенсіі быць большымі?

Ад 1 снежня працоўныя пенсіі павышаюць у сярэднім на 5,4%. Сярэдняя працоўная пенсія складзе 483 рублі. Гэта на 25 рублёў больш за сярэднюю працоўную пенсію ў лістападзе. Памер павелічэння пенсіі ў кожнага свой, і залежыць ад стажу, дапенсійнага заробку і надбавак.

Параўнаем беларускія пенсіі з выплатамі ў суседніх краінах. Беларускі партал finance.tut.by аналізаваў пенсіі краін-суседак з беларускімі за ліпень. Па выніках агляду вынікі наступныя:

  • Украіна. Сярэдняя пенсія па ўзросце склала 314 рублёў у пераліку на беларускую валюту. Вышэйшыя пенсіі атрымалі кіяўляне – 430 рублёў.
  • Расія. Сярэдні памер пенсіі ў непрацуючых пенсіянераў склаў 560 рублёў у пераліку на беларускія грошы.
  • Латвія. У другім квартале 2020 года сярэдні памер пенсій па ўзросце склаў 363 еўра, ці 1102 рублі ў пераліку на беларускія.
  • Літва. У жніўні сярэдняя пенсія па краіне склала 1142 беларускія рублі.
  • Польшча. Сярэдняя пенсія складала 2482 злотыя, ці 1662 беларускія рублі.

Такім чынам, сярэдні беларускі пенсіянер больш чым утрая бяднейшы за польскага. У чым тут можа быць прычына, мы папрасілі паразважаць аналітыка Львоўскага. Эксперт адказаў на пытанне, ці маглі бы беларусы быць як еўрапейскія краіны-суседзі ў плане заробкаў і пенсій з моманту незалежнасці Беларусі?

– Мы не былі бяднейшымі за Польшчу ў 1991 годзе. Няма ніякіх прычын меркаваць, што мы чымсьці горшыя, чым Польшча. У эканоміцы нам крыху горш за Расію, таму што яны маюць шмат прыродных рэсурсаў. У гэтым плане ў нас з імі не роўнае становішча. Ад Польшчы, Літвы адрознівае хіба тое, што мы не маем доступу да мора. А пасля развалу Саюзу у Беларусі быў высокі ўзровень чалавечага капіталу – узроўню адукацыі, кваліфікацыі.

Выплачваць пенсіі – гэта прамы і стандартны абавязак дзяржавы. А ў беларускіх пенсіянераў пры больш разважлівым кіраўніцтве пенсійныя выплаты маглі бы быць заўважна вышэй.