У праваабаронцы незарэгістраванага праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Капуцкага з санкцыі маладзечанскага пракурора правялі агляд жылля. Раней яго затрымалі падчас раздачы Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека ў Міжнародны дзень правоў чалавека.
17 снежня ў праваабаронцы Алеся Капуцкага аглядалі жыллё. Пастанову на агляд санкцыянаваў маладзечанскі пракурор Уладзімір Дубоўскі.
У пастанове напісана, што 10 снежня Капуцкі распаўсюджваў друкаваную прадукцыю ў парушэнні дзейнага заканадаўства.
У пастанове не пазначылі, які закон і артыкул парушыў праваабаронца.
Там жа пазначана, што «ёсць дастатковыя падставы мяркаваць, што ў жыллі Алеся Капуцкага можа знаходзіцца незаконна вырабленая друкаваная прадукцыя, іншыя прадметы або дакументы, за захоўванне і распаўсюджванне якіх прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць».
Пад пастановай таксама знаходзіцца подпіс намесніка начальніка аддзела аховы правапарадку Дзмітры Ярашэвіч. Пастанову зацвердзіў начальнік РАУС Вадзім Прыгара.
Пасля агляду ў Капуцкага нічога не забралі.
• Текст доступен на языке: Русский