Фота Віктара Шарамета.

У суботу, 12 снежня, маладзечанцы заўважылі каля Цэнтральнай плошчы скульптуры скрыпкі, зробленую з ільду. Аказалася, што зрабіў скульптуру Іван Карпіцкі, і гэта яго першая праца.

Івану 32 гады, ён вырас у Маладзечне, скончыў чацвёртую школу. На пытанне, ці хадзіў у мастацкую школу, жартуе: «Ды я і ў звычайную не асабліва». Затое яго творчыя праекты і цяпер памятаюць былыя суседзі. У дзяцінстве неяк зрабіў два домікі з запалак. Адзін, большы, памерам 12 на 12 сантыметраў, з акенцамі і мэбляй унутры, захаваўся. А меншы спаліў у двары. Кажа, навошта было б складваць, калі пасля не паліць.

Прафесію малады чалавек сабе не выбіраў тлумачыць што паступаў туды, дзе не было патрэбы здаваць ЦТ. Атрымаў у Маладзечанскім дзяржаўным каледжы прафесію плітачніка-абліцоўшчыка. Стаў індывідуальным прадпрымальнікам, у Мінску ўкладвае плітку. У Маладзечна прыязджае да бацькоў і сяброў, а таксама парыбачыць на Палачанскіх разлівах.

Падчас рыбалкі мужчыну зацікавіў лёд: адначасова таўсты і празрысты. Вырашыў штосьці зрабіць з яго.

– Калі працую, то лепш да сябе нікога не падпускаць, – расказвае Іван. – У такія моманты іншыя людзі толькі замінаюць. Тым больш гэта была першая спроба наогул зрабіць штосьці з ільду. Напэўна, мне трэба больш адзіноты, чым звычайным людзям.

Падумаў, што варта зрабіць штосьці простае, хуткае і адразу эфектнае. Таму і абраў выяву скрыпкі, каб закончыць да вечара.

– Калі выключыць эмоцыі, то гэта проста геаметрыя. Выява скрыпкі простая, гэта ж не чалавек, дзе шмат ліній.

Калі мужчына ўбачыў, што атрымалася добра, папрасіў прыехаць сябра, каб дапамагчы давезці ў Маладзечна.

– Стала шкада, што ніхто не ўбачыць, – прыгадвае Карпіцкі. – Сам здзівіўся, што так хораша выйшла. Было не сорамна, і падумаў, што скульптуру хтосьці можа ацаніць. Бо ад такой выявы можа быць  дзве рэакцыі – нейтральная або спадабаецца, і тады чалавек захоча сфатаграфавацца. Супраць дакладна ніхто не будзе.

Хаця скульптура знікла на наступны дзень, фотаздымкі з ёй сярод маладзечанцаў сталі фурорам. Таму Іван плануе, што зробіць яшчэ якую-небудзь скульптуру. Цяпер шукае ідэі.

А каб дзяліцца фотаздымкамі сваіх прац, адмыслова завёў старонку ў інстаграм – karpitskii_gtf. Тут вы можаце ўбачыць працы творцы і падказаць ідэі будучых работ.

Іншыя работы Івана Карпіцкага.