За гадзіну 52-гадовая маладзечанка згубіла ўсе зберажэнні, якія збірала шмат гадоў на кватэру. Прапажу грошай жанчына заўважыла праз тры тыдні пасля тэлефоннай размовы з чалавекам, які прадставіўся супрацоўнікам банку.

Міліцыі яна паведаміла, што з яе валютнай карты зніклі адразу 26 тысяч долараў.

Высветлілася, што супрацоўнік «службы бяспекі банка» з жанчынай звязаўся праз Viber. Махляр паведаміў ёй аб падазроных аперацыях і прапанаваў узмацніць абарону банкаўскай карты. Каб у пацярпелай не ўзнікла сумненняў у законнасці махінацый, ёй прадыктавалі пашпартныя дадзеныя, каб зверыць звесткі.

Нічога не падазраючы, жанчына паведаміла незнаёмцу інфармацыю: назвала коды з sms-паведамленняў. Па словах махляра, аперацыі «па абароне банкаўскай карты» прайшлі паспяхова.

Пасля размовы даверлівая гараджанка выдаліла кантакт суразмоўцы з мэссэнджара па рэкамендацыі таго ж нібыта банкіра.

Афёра адкрылася, калі жанчына вырашыла праверыць стан валютнага рахунку і звярнулася ў банк. У фінансавай установе ёй адказалі, што грашовыя сродкі адсутнічаюць. Тады яна зразумела, што стала ахвярай кіберзлачынцаў, уласнаручна аддаўшы ім грошы. Па словах заяўніцы, на карт-рахунку яна захоўвала каля 26 тысяч долараў.

Паводле аператыўных дадзеных, грошы з рахунку зламыснікі выводзілі сумамі ад 1500 да 2300 беларускіх рублёў. У агульнай складанасці праз некалькі дзесяткаў аперацый было спісана крыху больш за 65 тысяч беларускіх рублёў.

Па дадзеным факце следчыя ўзбудзілі крымінальную справу.

Калі вам патэлефанавалі і прадставіліся супрацоўнікам банка, паведамілі аб падазроных аперацыях, просяць назваць нумар банкаўскай карты або код з sms-паведамлення, а таксама паролі пацверджання, неадкладна спыніце размову і звярніцеся да кансультанта банка. Будзьце пільнымі!