Сойка на кормушцы. Фота Кацярыны Букас.

Не ўсякая ежа карысная птушкам. Як зрабіць здаровае і разнастайнае меню для крылатых гасцей, каб на кармушку прыляталі розныя віды птушак?

Раіць грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ).

Узімку дні кароткія, таму ў вераб’іных менш часу на пошукі корму. А з-пад снегу і лёду яго ўвогуле бывае не дастаць. Каб дробным птушкам было лягчэй перажыць маразы, можна павесіць за акном або на дрэве кармушку.

Назіраць за птушкамі на ёй – асабліва з дзеткамі – асобнае задавальненне.

Дзе ўзяць кармушку?

Кармушку можна набыць у розных крамах, у тым ліку будаўнічых. А можна праявіць творчасць і зрабіць яе сваімі рукамі з дрэва, фанеры, пластыкавай бутэлькі або нават з шышак.

Важна, каб дно кармушкі было з адтулінамі, адкуль будзе выцякаць лішняя вільгаць. І не забывайце рэгулярна напаўняць і чысціць птушыную сталоўку.

Дзе павесіць кармушку?

Вешаць кармушку трэба ў зацішным месцы, каб птушкам не даводзілася лішні раз стрэсаваць.

Калі вы жывяце на высокім паверсе, лепш не вешаць кармушку за акном: птушкам давядзецца траціць занадта шмат энергіі, каб даляцець да яе. Акрамя таго, у выпадку небяспекі з боку драпежнікаў ім не будзе дзе хутка схавацца. А драпежныя птушкі ўзімку ў гарадах – зусім не рэдкасць.

Што класці ў кармушку?

Самы ўніверсальны корм для птушак – несалёныя нясмажаныя семкі сланечніка. Смачна, карысна, даступна. Крупы такой папулярнасцю ў сініц не карыстаюцца.

Разнастаіць меню можна насеннем рапсу, гарбузовымі семкамі, арахісам, кавалачкамі яблыка ды ягадамі. Калі хочаце зрабіць асаблівы падарунак для сініц і дзятлаў, прычапіце на галінку кавалак несалёнага нясмажанага сала.

Можна змяшаць растоплены свіны тлушч з насеннем і арахісам і запоўніць гэтай сумессю шышкі.

Хахлатая сініца. Фота Валерыя Пясецкага.

Якая ежа шкодная птушкам?

Ні ў якім разе не карміце птушак рэшткамі са свайго стала. Не кладзіце нічога смажанага, печанага і салёнага ў кармушку. Хлеб як чорны, так і белы, як свежы, так і сухі – непрыдатная ежа для птушак.

Хто можа прыляцець на кармушку?

Нават у горадзе акрамя дамавых і палявых вераб’ёў, сініх і вялікіх сініц, да вас на кармушку могуць завітаць зелянушкі, таўстадзюбы, папаўзні, гілі, дзятлы, сойкі, чыжы ды іншыя крылатыя госці.

Ці трэба падкормліваць качак і лебедзяў?

У вадаплаўных птушак ёсць слой тлушчу, які не дае ім змерзнуць. Таму частаваць іх варта толькі ў вялікія маразы, калі тэмпература трымаецца на ўзроўні ніжэй за 15 градусаў марозу.

Лебядзям і качкам можна прапанаваць аўсяныя шматкі або крыху адваранае зерне ці крупы.

Але не трэба даваць ім хлеб і батон: яны даюць адчуванне сытасці на кароткі час, але не маюць патрэбных птушкам карысных рэчываў.

Ці можна назіраць за птушкамі на кармушцы анлайн?

Кожную зіму сайт “Птушкі штодня” ладзіць стрым з птушыных сталовак у Белавежскай пушчы. У гэтым сезоне назіраць за кармушкай можна нават уначы. Птушак у цёмны час няма, але ёсць шанцы пабачыць звяроў. Заходзьце па адрасе birdwatch.by/stalouka-2021.

Удзень на кармушку прылятаюць сойкі, сініцы і чорны дрозд, а ўночы паласавацца семкамі завітваюць мышы і палёўкі. Колькасць відаў паступова будзе павялічвацца. Мяркуецца, што за сезон на кармушцы засвецяцца не менш за два дзясяткі відаў птушак.

Далучайцеся да акцыі «Птушкі ля кармушкі»!

Штогод у трэція выхадныя студзеня АПБ ладзіць акцыю «Птушкі ля кармушкі». Калі ў вас ёсць дзеткі ці ўнукі, можаце іх далучыць да народнай навукі.

16-17 студзеня 2021 года трэба цягам гадзіны паназіраць за сваёй кармушкай і падлічыць птушак, якія яе наведалі, а потым даслаць свае вынікі ў АПБ.

Каб было каго лічыць, кармушкі трэба павесіць загадзя. Падрабязнасці будуць апублікаваныя на сайце ptushki.org у студзені.

Грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) — найбуйнейшая прыродаахоўная грамадская арганізацыя Беларусі і ад 2005 года — нацыянальны партнёр глабальнай прыродаахоўнай асацыяцыі “BirdLife International”, у якую ўваходзяць арганізацыі са 121 краіны.

АПБ — гэта тысячы сябраў і валанцёраў і больш за 30000 прыхільнікаў, 100 школьных клубаў і 14 мясцовых аддзяленняў па ўсёй краіне. Арганізацыя працуе дзеля захавання біяразнастайнасці і далучэння насельніцтва да актыўнай аховы прыроды.

• Текст доступен на языке: Русский