На трэнінгу Аксаны Дзьякавай.

Серыю трэнінгаў для падлеткаў «Жыццё без дыскрымінацыі» зладзілі ў санаторнай школе-інтэрнаце ў Маладзечне. Серыя складалася з трох заняткаў. Удзельнічалі вучні сёмых класаў.

Правядзенне трэнінгаў арганізавала выхавальніца школы-інтэрната Ірына Тархан.

Аксана Дзьякава (у цэнтры) з падлеткамі са школы-інтэрната.

– Летась я ўдзельнічала ў праграме для актывістаў PRodvizhenie, дзе набыла карысныя навыкі па піяры, а сёлета пашанцавала павучыцца на трэнінгу для трэнераў «Школа плюралізму». Хацелася набытыя там уменні прымяніць на практыцы, запрасіць на заняткі трэнераў, з якімі пазнаёмілася падчас удзелу ў праграмах. У выніку атрымалася серыя трэнінгаў «Жыццё без дыскрымінацыі». Адны заняткі, па дыскрымінацыі, правяла я сама, другія, па асертыўных паводзінах, – Святлана Мінькова з Мінска і трэція, па булінгу, Аксана Дзьякава з Полацка, – расказала суразмоўца.

Хочацца нечага большага, чым проста ўрок

Ірына працуе ў педагогіцы не першы год. Кажа, даўно хацелася для сваіх вучняў чагосьці большага, чым звычайныя ўрокі і класныя гадзіны.

Заўважыла, што трэнінгі дзеці  ўспрымаюць па-іншаму – з большай цікавасцю і задавальненнем.

– Лічу, што веды пра абарону асабістых межаў і паводзіны падчас булінгу спатрэбяцца дзецям. Усё ж, яны жывуць у калектыве. А праз  пару год многія з іх паступяць вучыцца, выправяцца ў самастойнае жыццё.

Эвеліна Карпенка падчас трэнінгу са Святланай Міньковай.

Пра тое, як у школе-інтэрнаце прайшоў трэнінг па булінгу, мы пагутарылі з госцяй з Полацка – каардынатарам Цэнтра дружалюбнага падлеткам «Адкрыццё» Аксанай Дзьякавай.

З маладзечанкай Ірынай Тархан Аксана пазнаёмілася падчас удзелу ў праграме PRodvizhenie летась. Актывісткі ездзілі на стажыроўку ў Германію. І цяпер часта сустракаюцца на розных мерапрыемствах. Так, разам былі на беларуска-нямецкім форуме ў рамках гэтай праграмы.

Заняткі ў Маладзечне былі бальзамам на душу

– Заняткі прайшлі добра. Проста як бальзам на душу, – падзялілася Аксана. –  Мне вельмі спадабаліся дзеці. Настолькі камфортна было працаваць у  аўдыторыі. Вучні амаль усё гаварылі за мяне. Шмат разважалі, задавалі пытанні. Нават ужо пасля заканчэння заняткаў некаторыя дзеці чакалі мяне, каб пагутарыць асабіста.

Адно з заданняў.

На трэнінгу адпрацоўвалі ўменне сказаць «не», вучыліся супрацьстаяць агрэсару, прыгадалі, куды можна звярнуцца, калі сутыкаешся з булінгам, рабілі практыкаванні на адчуванне асабістых межаў.

– У сённяшняй аўдыторыі я адразу ўбачыла, што дзеці вельмі згуртаваныя і дружалюбныя. У практыкаваннях на асабістыя межы блізка падпускалі да сябе і адзін аднаго, і мяне. Хоць я зусім чужы для іх чалавек. Удзельнікі заняткаў не баяліся гаварыць пра сябе і свае клопаты, – заўважае Аксана.

Прызнаецца,  што праблем у калектыве не заўважыла. Хоць былі ў яе практыцы такія выпадкі, калі прыходзіш у аўдыторыю і адразу бачная праблема: дзіця сядзіць адно і не хоча працаваць з калектывам.

PRodvizhenie: Зрабіць добрую справу і не забыць расказаць пра яе

Аксана і яе калегі працуюць у розных кірунках – прафілактыка ВІЧ, венерычных захворванняў, падлеткавай цяжарнасці, булінг, кібербулінг, прафілактыка суіцыдальных паводзін. Калі ёсць нейкі запыт, пад яго і падстройваемся, адзначае суразмоўца.

У трэнінгах удзельнічалі сямікласнікі.

Кажа, у працы з падлеткамі дапамагаюць педагагічная і, асабліва, медыцынская адукацыя:

– Калі прыходзіш на заняткі ў гімназію, там дзеці і анатомію чалавека могуць уцябе спытаць.

А яшчэ Аксана адзначыла, што ўдзел у праграме для актывістаў PRodvizhenie даў ёй магутны штуршок:

– Ёсць цудоўная фраза: «Рабі добрыя справы, але не забывай расказаць пра іх».

Я сапраўды шмат добрага рабіла і раблю. Але раней ніхто гэтага не ведаў. Калі ж я паўдзельнічала ў PRodvizhenie, зразумела, наколькі важны піяр. Цяпер пра ўсе свае добрыя справы расказваю ў сацсетках. А знаёмыя дзівяцца, як я ўсё паспяваю.

Даведка «РГ»

Булінг (цкаванне) – агрэсіўны пераслед аднаго з членаў калектыву (асабліва калектыву школьнікаў і студэнтаў) з боку іншага чалавека або групы асоб. Цкаванне можа быць і ў фізічнай, і ў псіхалагічнай форме. Праяўляецца ва ўсіх узроставых і сацыяльных групах. Такое ж цкаванне ў сацыяльных сетках называецца кібербулінгам.

Удзельнікі трэнінгу з Ірынай Тархан і Аксанай Дзьякавай.

Асертыўныя паводзіны – паводзіны, пры якіх чалавек здольны не залежаць ад знешняга ўплыву і ацэнак, самастойна рэгуляваць свае ўчынкі і адказваць за іх.

Фотаздымкі Ірыны Тархан.

• Текст доступен на языке: Русский