Фота mapio.net

Жыхарка Смаргоні Наталля Усік 6 верасня у сваім горадзе паўдзельнічала ў шэсці па вуліцах горада. А 18 верасня пастановай суда Смаргонскага раёна за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве яе аштрафавалі.

Пакаранне Наталля палічыла незаконным і неабгрунтаваным, а таму абскардзіла ў Гродзенскі абласны суд, расказаў смаргонскі праваабаронца Алесь Дзергачоў.

У скарзе яна адзначыла, што палажэнні Закона «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь» носяць дыскрымінацыйны характар.

Калі дзяржаўныя арганізацыі маюць права праводзіць масавыя мерапрыемствы ў любы час і зручных месцах, то ўсе астатнія арганізацыі і грамадзяне – толькі пасля папярэджання за 15 дзён, у вызначаных месцах і аплатай за паслугі міліцыі, камунальнай службы, «хуткай дапамогі».

Такое палажэнне Наталля Усік лічыць дыскрымінацыяй недзяржаўнага сектара грамадства, у тым ліку і яе асабіста. А гэта забаронена артыкулам 2 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Таму яна лічыць, што ў выніку дыскрымінацыі парушана таксама яе права на мірныя сходы, гарантаванае артыкулам 21 Пакта.

Суддзя Гродзенскага абласнога суда Валеры Раманоўскі палічыў довады скаргі на пастанову суддзі суда Смаргонскага раёна Людмілы Міхневіч няслушнымі і скаргу адхіліў. Таму Наталля Усік мусіла падаць скаргу у Камітэт ААН па правах чалавека, які размешчаны ў Жэневе.

У скарзе яна просіць устанавіць факт парушэння Рэспублікай Беларусь артыкулаў 2 і 21 Пакта, рэкамендаваць Рэспубліцы Беларусь кампенсаваць нанесены ёй маральны і матэрыяльны ўрон, а таксама прывесці ў адпаведнасць з згаданымі артыкуламі Пакта Закон «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь».

 

• Текст доступен на языке: Русский