Падчас ЦТ па матэматыцы ў Маладзечне. Фота Настаччі Уткінай.

Адпаведная пастанова Саўміна сёння была апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, піша БелТА.

Зараз кіраўнікі ўстановы павінны не пазней чым за два месяцы да пачатку размеркавання скласці спісы выпускнікоў, якія падлягаюць размеркаванню, у тым ліку выпускнікоў з ліку тых, што атрымліваюць сярэднюю спецыяльную або вышэйшую адукацыю I ступені і што адвучыліся не менш за палову тэрміну навучання за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў на дзённай форме.

Згодна з дакументам, першачарговым правам выбару месца працы карыстаюцца выпускнікі, уключаныя ў банк даных адоранай моладзі і банк даных таленавітай моладзі, а таксама якія прайшлі тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве, якія маюць рэкамендацыі воінскіх частак, органаў пагранслужбы на навучанне, якія дасягнулі высокіх вынікаў у вучобе, высокіх паказчыкаў у грамадскай працы, навукова-даследчай дзейнасці.

Дасягнуўшымі высокіх вынікаў у вучобе з’яўляюцца выпускнікі, якія маюць за час навучання не менш за 50% адзнак 8 балаў і вышэйшых, а астатнія адзнакі — не ніжэй за 6 балаў.

Дасягненнем выпускнікамі высокіх паказчыкаў у грамадскай рабоце прызнаецца іх удзел у органах самакіравання ўстановы адукацыі, моладзевых грамадскіх аб’яднанняў, у спартыўных спаборніцтвах, выставах, конкурсах прафмайстэрства, аглядах, алімпіядах, мастацкай і тэхнічнай творчасці, у арганізацыі і правядзенні грамадска-значных мерапрыемстваў, акцый, у валанцёрскім і студатрадаўскім руху.

Акрамя таго, выпускнікі, якія не адпрацавалі размеркаванне і прынятыя для атрымання адукацыі больш высокага ўзроўню за кошт сродкаў бюджэту на дзённую форму, у выпадку адлічэнні абавязаны ў пяцідзённы тэрмін звярнуцца за пераразмеркаваннем.

Дакументам таксама ўдакладняюцца ўмовы размеркавання і пераразмеркавання пры заключэнні дагавора на мэтавую падрыхтоўку, а таксама парадак кампенсацыі ў бюджэты сродкаў, затрачаных на падрыхтоўку спецыяліста, калі ён не адпрацоўвае размеркаванне.

Пастанова ўступае ў сілу пасля афіцыйнага апублікавання.