– А вы дакладна сапраўдныя?

– А ў вас ёсць страхоўка?

– Вы паветраныя Дзяды Марозы?

Такімі пытаннямі сёння маленькія пацыенты Дзіцячага хірургічнага цэнтра ў Мінску закідалі Дзядоў Марозаў-альпіністаў, якія сёння траплялі ў бальніцу праз вокны.

Падрыхтоўка.

Адзін з Дзядоў Марозаў – віляйчук Дзмітры Субач. Разам са сваімі сябрамі і калегамі-прамысловымі альпіністамі Яўгенам Кудзеркам, Канстанцінам Каралём і Германам Волкавым яны зладзілі акцыю па віншаванні дзяцей-пацыентаў сталічнага хірургічнага цэнтра з надыходзячымі святамі.

Першапачаткова Дзядоў планавалася шэсць. Але калі ўчора ўсе шасцёра здалі тэсты на каронавірус, у дваіх пацвердзілася хвароба.

А ўвогуле, на ўсіх трох акцыях хлопцы працавалі практычна аднолькавым складам. Летась нават Снягурка была.

Перад спускам.

– Такія акцыі не новыя. У Расіі, Амерыцы, Заходняй Еўропе альпіністы даўно яе прыдумалі. А ў нас усё арганізаваў Канстанцін Кароль, – расказвае Дзмітры перад тым, як падняцца на дах. – Нялёгка бывае сабраць каманду альпіністаў для такой акцыі, а яшчэ цяжэй знайсці спонсара, які гатовы прадставіць падарункі для дзяцей. На гэты раз спонсарам стала кампанія «Монтбрук». Яны падаравалі дзецям шакаладныя наборы.

Дзіма разглядаў магчымасць зрабіць падобную акцыю ў роднай Вілейцы. Але па яго словах, дах у будынку мясцовай дзіцячай бальніцы не падыходзіць для такіх маніпуляцый. А ў дзевяціпавярховым корпусу бальніцы ляжаць толькі дарослыя.

Як усё адбывалася

Пакуль Дзіма, Герман і Яўген рыхтуюць абсталяванне на даху, Канстанцін кантралюе сітуацыю знізу. Нарэшце ўсё гатова. Хлопцы апранаюць чырвона-белыя касцюмы, бяруць мяшкі з цукеркамі, чапляюць на сябе ўсё неабходнае – і ўзлятаюць над праспектам Незалежнасці да здзіўлення выпадковых прахожых.

Вершык.

Пачынаюць з шостага паверха. Пад радасныя воклічы дзяцей ускокваюць у акно, слухаюць вершы і песенькі, уручаюць падарункі, фатаграфуюцца з усімі ахвотнымі і сыходзяць… таксама праз акно. І так на кожным паверсе.

Медыкі, якія працуюць у цэнтры, ужо добра ведаюць альпіністаў. Падзяліліся, што самі чакаюць іх не менш за дзяцей, каб займець святочны настрой і загадаць жаданне.

На пытанне, ці былі падчас падобных акцый пазаштатныя сітуацыі, хлопцы адказваюць станоўча.

І прыгадваюць, як у аднаго Дзеда Мароза на вышыні ў спускавую прыладу ўблытася барада. Ледзь разблыталі.

Фота аўтара.