Аляксей Крэнць.

Пагутарылі з адміністратарам тэлеграм-канала «Каратели Молодечно» 18-гадовым Аляксеем Крэнцем, якога абвінавацілі па крымінальнай справе за абразу службовай асобы.

Затрыманне, ператрус, Вілейка

Супрацоўнікі ГУБАЗіК прыйшлі да дому Аляксея каля 21 гадзіны 19 снежня. Званілі і грукалі ў дзверы, аднак ён не адчыніў. Пасля патэлефанавалі на мабільны тэлефон, Аляксей сказаў, што прыйдзе да супрацоўнікаў толькі па позве.

– Сказалі, што справа тычыцца майго сябра, які скончыў жыццё самагубствам, то я да іх выйшаў.

Спачатку Аляксея дапытвалі пра сябра, а пасля пачалі задаваць пытанні пра тэлеграм-каналы.

– Адзін з іх адкрыта сказаў: яны ведаюць, што я адміністратар тэлеграм-канала «Каратели Молодечно». Сказалі, што калі прызнаюся, то мне дадуць толькі штраф. Пасля ў мяне дома канфіскавалі рэчы: ноўтбук, тэлефон, флэшку.

Падчас ператрусу Крэнць быў у кайданках, адзін супрацоўнік увесь час загадваў яму прызнацца, бо ў іншым выпадку пасадзяць.

Пасля ператрусу хлопца павезлі ў Вілейку. Там міліцыянер пачаў запаўняць дакументы, але пасля сказаў, што не мае права забіраць хлопца. Па словах Крэнця, з гэтым міліцыянерам пасля размаўляў нехта з супрацоўнікаў ГУБАЗіК, і ён ўсё-ткі склаў пратакол.

У Вілейцы супрацоўнік ГУБАЗіК запісаў відэа на фоне дзяржаўнага герба, у якім Аляксей кажа, што з’яўляецца адміністратарам тэлеграм-канала.

Ізалятар у Маладзечне

Пасля афармлення пратаколу ў Вілейцы хлопца адвезлі ў Маладзечанскі РАУС. Там спачатку пасадзілі ў «стакан» без курткі і ўключылі вентыляцыю, а пасля адвялі ў ізалятар часовага ўтрымання.

– У ізалятары са мной сядзеў чалавек, які пытаўся пра палітычныя погляды. Казаў, што ўсё роўна нічога не зменіцца. Ён жа спрабаваў даведацца пра канал. Казаў, што сядзеў 20 год, але думаю, ён супрацоўнічае з міліцыяй.

Крэнця прасілі прызнацца ў аддзяленні, але хлопец не памятае, супрацоўнікі якой структуры з ім працавалі.

– Тады ўжо казалі, што будзе «хімія» ці вялікі штраф, але трэба прызнацца.

Крэнцю інкрымінавалі артыкул 369 Крымінальнага кодэкса: «Абраза прадстаўніка ўлады». А пасля змянілі на артыкул 188 – «Паклёп».

20 снежня зноў адвезлі ў Вілейку, ужо да следчага. Там Аляксей прызнаў віну.

«Дзядуля за свае грошы зрабіў ім сімку»

З Вілейкі Крэнця прывезлі ў маладзечанскі ізалятар. Супрацоўнікі спрабавалі даведацца пароль ад акаўнта ў тэлеграме, прасілі паролі ад электроннай пошты. Крэнць даваў розныя варыяцыі пароляў, а яны не падыходзілі. Таму супрацоўнікі зрабілі яшчэ адну сім-карту.

– Насамрэч, гэта зрабілі не яны, а дзядуля. Яны спецыяльна забралі яго з працы, а дзядуля за свае грошы зрабіў ім сімку. Але сапраўдны пароль я не сказаў. Мяне пакінулі супрацоўніку, не памятаю, адкуль ён. Можа, гэта хтосьці са следчых. Ён пытаўся, навошта мы гэта ўсё робім, бо ім ўсё роўна пляваць.

На наступны дзень супрацоўнікі зноў прыйшлі да Аляксея. Яны папрасілі напісаць усе адрасы электроннай пошты і магчымыя паролі. Крэнць гэта зрабіў, але яны зноўку не падышлі. На гэты момант ужо прайшлі 72 гадзін, якія хлопца маглі ўтрымліваць у ізалятары.

– Прыйшоў следчы, сказаў мне падпісаць нейкую паперу. Праз некалькі гадзін мяне адпусцілі. Напэўна, я абвінавачваемы па крымінальнай справе.

Па словах Аляксея Крэнця, цяпер ён знаходзіцца ў бяспечным месцы.

• Текст доступен на языке: Русский