Фота mel.fm.

Рашэннем суда Маладзечанскага раёна задаволілі позву бацькі непаўнагадовых дзяцей у адрас іх маці. Мужчына судзіўся, каб пазбавіць жанчыну бацькоўскіх правоў.

Мужчына і жанчына раней жылі ў Мінску. Яны не рэгістравалі шлюб, а ў 2004 і 2009 гадах у іх нарадзіліся сыны.

У 2010 годзе маці хлопчыкаў затрымалі па падазрэнні ў злачынстве. Таму каб дзеці маглі застацца з біялагічным бацькам і каб на іх выплачвалі дапамогу, мужчыну спатрэбілася ўстанавіць бацькоўства.

З гэтага часу выхаваннем хлопчыкаў займаўся толькі бацька. Спачатку не ўсё было гладка. Наймалі жыллё, мужчына часам выпіваў, нярэдка не хапала грошай. Аднак ён стараўся забяспечыць дзяцей неабходным. Хлопчыкі хадзілі ў садок, а пасля ў школу.

У 2016 годзе сям’я пераехала ў Маладзечна. Бацька ўладкаваўся на працу, якая дазваляла забяспечваць сям’ю, характарызавалі яго выключна станоўча. З цягам часу перастаў выпіваць.

Маці вызвалілі з месцаў пазбаўлення свабоды ў 2013 годзе. Жанчына працягвала жыць у Мінску. Бацька дзяцей спрабаваў наладзіць адносіны паміж маці і сынамі. Вазіў дзяцей да маці, спрабаваў аднавіць паміж імі сувязь. Жанчына не выказвала жадання сустракацца з хлопчыкамі, жыць з сям’ёй і выхоўваць іх таксама не збіралася. Яна была занятая тым, што ўладкоўвала асабістае жыццё.

Неўзабаве жанчыну зноў асудзілі і накіравалі ў месцы пазбаўлення волі. Вызвалілі ў 2015 годзе. З таго часу жыццём, здароўем і поспехамі дзяцей цікавілася надзвычай рэдка і фармальна. Грашыма сям’і не дапамагала, а бацька дзяцей па аліменты не звяртаўся. Толькі аднойчы прапанаваў маці добраахвотна сплачваць 150-200 рублёў на месяц, тая адмовілася. У 2020 годзе жанчына нарадзіла дзіця ад іншага мужчыны.

На судовым пасяджэнні яна не пагадзілася з патрабаваннем пазбавіць яе бацькоўскіх правоў. Суд даў магчымасць даказаць пазіцыю і патлумачыць, чаму яна не цікавілася жыццём сыноў гадамі. Адказаць ёй не было чаго. Суд высветліў, што жанчына ні разу не была з дзецьмі на лінейцы 1 верасня, не ведае іх сяброў, педагогаў, зацікаўленасцяў, праблем.

Дзеці жанчыну таксама не ведаюць, малодшы сын нават не памятае.

Нават у калідоры суда перад пасяджэннем, маючы, магчыма, апошнюю магчымасць падысці да дзяцей, абняць, паразмаўляць, штосьці патлумачыць, жанчына гэтага не зрабіла.

Падчас суда жанчыну асабліва турбавала, што бацька не аддае ёй дакументы аб нараджэнні сыноў, а без іх яна не можа аформіць неабходныя дакументы на атрыманне льгот як шматдзетная маці і мацярынскі капітал.

Жанчына не абскарджвала рашэнне суда аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў.