Будынак валожынскага ешыбота. У 1997 тут з'явілася мемарыяльная дошка. Фота з autotravel.ru.

Традыцыйна прыгадваем, што неслі мінулыя гады Быка ў рэгіён. І сёння разгледзім Валожыншчыну.

1937

Загадам польскага камандавання ад 23 лютага пачалі першую фазу рэканструкцыі Корпуса аховы памежжа «R.3» у Валожыне. Батальён пры корпусе стаў адміністрацыйнай адзінкай для камандавання палка «Валожын», паліцэйскага ўчастка пры ім і станцыі паштовых галубоў «Багданаў».

У Валожыне адкрыліновы вайсковы кінатэатр. У горадзе былі тры рэкламныя кінавітрыны, дзе размяшчаліся фатаграфіі кінакадраў фільма, які збіраліся паказаць у бліжэйшы час.

1949

У вёсцы Дулідавічы (цяпер Івянецкі сельсавет) нарадзілася будучая спявачка Ядвіга Паплаўская.

У Валожыне арганізавалі гарадскую бібліятэку, якой загадвала Еўдакія Церахава.

На Валожыншчыне, як і па ўсім рэгіёне, ствараюць калгасы.

У Ракаўскай дзесяцігодцы пачынае выкладаць рускую літаратуру Уры Фінкель – беларускі крытык і літаратуразнаўца. Нарадзіўся ён таксама ў Ракаве ў 1896 годзе. Вядомы як аўтар біяграфічных кніг пра класікаў яўрэйскай літаратуры. Пісаў у асноўным на ідыш.

1961

У раённым вузле сувязі працуе адзін камутатар на 20 нумароў.

У Валожыне, на месцы масавага знішчэння яўрэяў у 1941 годзе, з’явілася скульптура «Маці ў жалобе».

Скульптура ў Валожыне “Маці ў жалобе”.

Скасавалі Гіравіцкі сельсавет і далучылі яго да Ракаўскага.

У Івянецкім Доме культуры стварылі агітацыйна-харэаграфічны ансамбль «Журавінка», які дзейнічае сёння і мае званне народнага. Доўгі час ансамблем кіраваў Іосіф Ляшчынскі.

1973

Зарачанскі сельсавет перайменавалі ў Івянецкі.

Археолаг Леанід Побаль даследуе старажытнае гарадзішча ў паўднёва ўсходняй частцы горада, на вуліцы Леніна. Мяркуюць, што ў сярэднія вякі тут былі гарадскія могілкі.

У студзені ў горадзе адчынілі дзіцячы садок «Пралеска».

Іда Разэнталь. Фота з Вікікпедыі.

У ЗША памерла ўраджэнка Ракава Іда Разэнталь (год нараджэння 1886) – амерыканская прадпрымальніца, вынаходніца бюстгальтара.

1985

У вёсцы Гілкі Івянецкага сельсавета археолаг Яраслаў Звяруга знайшоў і даследаваў старажытныя каменныя магілы. Захавалася больш за дзесяць магіл, пазначаных каменнымі плітамі. На іх ёсць крыжападобныя знакі і нерасшыфраваныя надпісы. Памёр оперны спявак, саліст Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі, ураджэнец Ракава Вікенці Бруй (нарадзіўся ў 1912 годзе).

Ураджэнец вёскі Пугачы паэт Віктар Шніп паступіў у літаратурны інстытут у Маскве. А ўраджэнец Ракава, літаратуразнаўца і пісьменнік Язэп Янушкевіч пачынае працаваць навуковым супрацоўнікам у Інстытуце літаратуры НАН Беларусі.

1997

На базе Валожынскага раённага цэнтра культуры стварылі аб’яднанне народных майстроў «Скарбніца». Аб’яднанне з’явілася, каб падтрымаць народных майстроў і ўмельцаў, папулярызаваць народныя рамёствы, далучыць да іх дзяцей і моладзь. У 2001 годзе аб’яднанне атрымала найменне «народнае».

У вёсцы Забрэззе былую краму пачалі перабудоўваць пад касцёл, у Івянцы будаваць Свята-Еўфрасіннеўскую царкву. А ў царкве Прасвятой Багародзіцы ў Дорах зладзілі першае набажэнства.

У чэрвені з’явілася рабочая група па стварэнні Валожынскага краязнаўчага музея. Яна праводзіла работы па зборы прадметаў музейнага значэння, звязаных з гісторыяй Валожынскага раёна. Сам музей быў заснаваны праз тры гады.

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа ў Віцебску ўзначаліў акцёр ураджэнец Ракава Рыгор Шацько. Ён кіраваў тэатрам да 2012 года.

Школу ў Івянцы скончыў музыкант, шоўмен, лідар беларускага музычнага гурта «Дразды» Віталь Карпанаў.

Замарозілі недабудаваны акушэрска-гінекалагічны корпус Валожынскай ЦРБ. У 2007 ён абрынуўся. Пацярпелых не было.

На Валожыншчыне пачалі праводзіць конкурс песень «Залаты шлягер». На ім удзельнікі спяваюць хіты 1960-1980-х гадоў.

На будынку былога ешыбота ў Валожыне адкрылі мемарыяльную дошку з тэкстам на рускай, англійскай мовах і іўрыце.

2009

Вёска Сакаўшчына стала звацца аграгарадком.

У Вішневе добраўпарадкавалі крыніцу, што недалёка ад ракі Альшанкі. Для абрамлення крынічкі стварылі ландшафтную кампазіцыю.

У Вільні, Мінску, Полацку, Гомелі ладзяць выставы арыгінальных фотаздымкаў прадстаўніка магнацкага роду, што жыў на Валожыншчыне, Бенядыкта Генрыка Тышкевіча (1852 – 1935). У сваім маёнтку Вялае, што сёння на тэрыторыі Валожыншчыны, Бенядыкт збудаваў адну з першых у Беларусі фоталабараторый.

Утварылася агратурыстычная супольнасць раёна, аб’яднаная вакол зялёнага маршруту «Валожынскія гасцінцы».

У Ракаўскай музычнай школе з педагогаў стварылі інструментальны ансамбль Ars Longa.

Валожынскі масласырзавод стаў філіялам Маладзечанскага малочнага камбіната.

Былы дом пісьменніка, недалёка ад Ракава, на беразе ракі Іслач, прадалі прыватнаму інвестару. Да гэтага часу будынак прыйшоў у заняпад і пачаў разбурацца.

Будынак дома пісьменнікаў на Іслачы.

 

• Текст доступен на языке: Русский