Каб сабраць усіх летуценнікаў і летуценніц разам, падтрымаць неабыякавых людзей, якія хочуць прынесці карысць Беларусі ўжо ў бліжэйшай будучыні, арганізатары найбуйнейшага конкурсу сацыяльных праектаў Social Weekend абвяшчаюць старт шаснаццатага сезона.

Заяўкі прымаюць да 28 лютага 2021 года.

Конкурс пройдзе пад слоганам «А ты паспрабуй!» – такім чынам каманда Social Weekend заклікае не апускаць рукі, а брацца за справу. Нават калі здаецца, што ідэя занадта цяжкая для рэалізацыі. Каб як мага больш задумак змаглі ўвасобіцца ў рэальнасць, тэрмін конкурсу ў гэты раз падоўжаны.

– Звычайна сезон конкурсу доўжыцца пяць месяцаў, і гэта вельмі інтэнсіўная праца і для ўдзельнікаў, і для нашай каманды, – расказвае пра новаўвядзенні конкурсу дырэктар мясцовага фонду «Добра», кіраўнік Social Weekend Аляксандр Скрабоўскі. – У мінулым сезоне мы атрымалі 470 заявак і бачылі складанасць у тым, што людзі з незвычайнымі ідэямі не ўмеюць пра іх даступна распавесці на старце.

Здольнасць растлумачыць сутнасць праекта за кароткі час, прэзентаваць вынікі і распавесці аб паспяховым досведзе не менш важная, чым сам досвед.

Цяпер мы будзем вырашаць праблему камунікацыі аўтараў ідэй і іх патэнцыйнай мэтавай аўдыторыі з першых дзён знаёмства. Нават для тых, хто не трапіць на навучанне. Мы працягнулі сезон яшчэ на месяц і прысвецім гэты час пошуку дадатковых рэсурсаў і дапамогі кожнаму праекту.

Прыняць удзел у Social Weekend могуць людзі з любымі ідэямі, якія накіраваныя на развіццё культуры, грамадства, інфраструктуры, медыцыны, адукацыі, навукі і іншых сфер жыцця.

Грошы ад мецэнатаў і кампаній праекты атрымаюць на першыя крокі праекта-фіналіста. У мінулым, пятнаццаты Social Weekend, каманды атрымалі падтрымку на суму больш за 100 тысяч рублёў.

– Часта сацыяльны праект успрымаюць як рашэнне той ці іншай праблемы, аднак мы чакаем праекты, якія даюць новыя магчымасці, адкрываюць новыя падыходы. Падаць заяўку можа любы чалавек ці арганізацыя. Няма і абмежаванняў па ўзросце. Акрамя таго, форма заяўкі спрашчаецца ад сезона да сезона, таму падзяліцца сваёй ідэяй з шырокай аўдыторыяй становіцца ўсё прасцей, – дапаўняе каардынатар Social Weekend Таццяна Траяновіч.

Сярод удзельнікаў Social Weekend – маладзечанская «Вуліца стрыт-фуда», вілейскі скейт-парк, пошукава-выратавальны атрад «Анёл».

Да народнага галасавання і экспертнага адбору праектаў усе, хто падаў заяўку на конкурс, змогуць паўдзельнічаць у бясплатных семінарах, дзе даведаюцца базавую інфармацыю па запуску праекта, працы з супольнасцю і пошуку рэсурсаў для сваёй ініцыятывы.

Арганізатар Social Weekend – мясцовы сацыяльны фонд «Добра», мэта якога – прыцягненне рэсурсаў бізнесу: інтэлектуальных, грашовых і іншых – для інвеставання ў сацыяльныя стартапы і дасягненне мэт устойлівага развіцця. Фонд таксама з’яўляецца Офісам Сеткі Глабальнага дагавора ААН у Беларусі.