Ад 1 студзеня 2021 года ўступае ў сілу пастанова Савета Міністраў, паводле якой у пунктах грамадскага харчавання нельга будзе выкарыстоўваць аднаразовы пластыкавы посуд.
Ці значыць гэта, што ад новага года нельга будзе ўзяць каву на вынас? Або запакаваць у кантэйнер недаедзеную ў рэстаране страву? Шукаем адказы разам з экспертамі.
Ад чаго давядзецца адмовіцца?
Тое, што пластык запаланіў кожную сферу нашага жыцця, ужо ні ў каго не выклікае сумневаў. Цяжка нават уявіць, як людзі абыходзіліся без яго пару дзесяцігоддзяў таму. Ужо для некалькіх пакаленняў малако ў шкляной бутэльцы, мыла, загорнутае ў паперу, або зубная паста ў металічным цюбіку выглядае нязвыкла.
– За апошнія 65 гадоў вытворчасць пластыку ва ўсім свеце павялічылася ў 190 разоў, – прыводзіць вынікі даследаванняў кіраўнік праграмы па адходах і хімічных рэчывах Цэнтра экалагічных рашэнняў (ЦЭР) Яўген Лабанаў. – На сённяшні дзень толькі 9% ад усіх яго аб’ёмаў ідзе на перапрацоўку. Гэта агульная лічба па ўсім свеце. Яшчэ 12% спальваецца, а 79% адпраўляецца на звалкі.
Сітуацыя ў Беларусі мала чым адрозніваецца ад агульнай у свеце. Як і паўсюль, самымі праблемнымі відамі пластыку з’яўляюцца поліэтылен і полістэрол. З першага робяць тонкія пакеты, з другога – белыя кантэйнеры для прадуктаў. І пакеты, і кантэйнеры не перапрацоўваюцца ў Беларусі, пры гэтым выкарыстоўваюцца вельмі шырока.
Вядома, ёсць сферы, дзе не абысціся без аднаразовага пластыку – напрыклад, медыцына і фармакалогія. Аднак у іншых сферах пластык не з’яўляецца жыццёва неабходным.
Першая забарона пластыкавых рэчаў у Беларусі ўступіць у сілу ад новага 2021 года і будзе тычыцца пунктаў грамадскага харчавання.
– Такая забарона – пазітыўная мера, – кажа Яўген Лабанаў. – Да яе ўжо прыйшлі многія краіны, у тым ліку Еўрапейскі саюз. Пакуль забарона тычыцца абмежаванай колькасці тавараў. Спадзяёмся, што гэты спіс будзе пашырацца.
Ад 1 студзеня 2021 года ў пунктах грамадскага харчавання нельга будзе выкарыстоўваць пластыкавы посуд, а менавіта:
- відэльцы
- лыжкі
- нажы
- палачкі для размешвання напояў
- кубачкі
- трубачкі (саломкі) для напояў
- упакоўкі для прадукцыі грамадскага харчавання і прадуктаў (кантэйнеры, латкі, ланч-боксы)
Выключэнне – упакоўка для кулінарных паўфабрыкатаў і кандытарскіх вырабаў.

Ці забароняць папяровы посуд?
Падчас распрацоўкі пастановы беларускія спецыялісты бралі за аснову дырэктыву Еўрапейскага саюза, распрацаваную ў 2019 годзе.
– Самымі істотнымі ў нашай працы сталі чатыры кірункі: як забарона будзе ўплываць на бізнес, на вытворчасць, на імпарт і цэнавую сітуацыю на рынку, – кажа старшыня ўпраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРТ) Міхаіл Жыгала.
Падчас даследавання беларускага рынку высветлілася, што каля 50% аб’ектаў грамадскага харчавання выкарыстоўваюць экалагічна бяспечную тару. Таму пастанова ніяк не паўплывае на іх працу. Іншыя ж будуць вымушаныя перайсці на іншы від посуду.
– У сувязі з пастановай у бізнесоўцаў узнікае шмат пытанняў наконт таго, як трактаваць забарону, – дадае Міхаіл Жыгала. – Таму на сайце МАРТ мы размясцілі адказы на самыя частыя пытанні. Там жа ёсць спіс
пастаўшчыкоў экалагічна бяспечнай упакоўкі, якія працуюць на беларускім рынку, іх каля 1500.
У першым квартале 2021 года МАРТ правядзе паўторнае даследаванне і аналіз таго, як забарона паўплывала на грамадскае харчавання. У залежнасці ад вынікаў пастанову будуць карэктаваць.
Эколагі звяртаюць увагу на тое, што пад аднаразовым посудам у пастанове маецца на ўвазе менавіта пластыкавы посуд. Значыць, папулярныя ў кавярнях папяровыя кубачкі і талеркі не трапяць пад забарону.
– Мы разумеем, што папяровыя кубачкі маюць унутры слой ламінацыі, таму не з’яўляюцца экалагічнай заменай для пластыку, – заўважае Міхаіл Жыгала. – Папяровыя кубкі ў Беларусі не перапрацоўваюцца і адпраўляюцца на звалкі. Хоць пластыку ў іх складзе менш, але ён усё ж ёсць. Таму іх таксама варта было б забараніць. Але на дадзеным этапе папяровыя кубкі стануць альтэрнатывай для бізнесоўцаў. Мы будзем глядзець на іх рэакцыю і, магчыма, наступным крокам стане забарона і папяровага посуду з ламінацыяй.
Пад забарону не трапілі і пластыкавыя накрыўкі для аднаразовых кубкаў – іх даюць у кавярнях, калі вы бераце напой на вынас. Альтэрнатывы для іх у Беларусі пакуль няма, таму і адмовіцца ад іх цяжка.
Ад чаго яшчэ варта адмовіцца ў кавярнях і рэстаранах?
Калі для бізнесу адмова ад пластыку будзе выпрабаваннем, то эколагі ўжо маюць свае прапановы для наступнай часткі абмежаванняў.
– Не трэба чакаць загадаў зверху, каб зрабіць менавіта вашу кавярню больш экалагічна сяброўскай, – лічыць спецыяліст ЦЭР па кірунку «Нуль адходаў» Марыя Сума. – Напрыклад, можна адмовіцца ад пакетаванага цукру і спецый. Упакоўкі для іх таксама маюць ламінацыю ўнутры і не перапрацоўваюцца. Іх лёгка можна замяніць шклянымі ці керамічнымі наборамі для спецый.
Таксама кавярні могуць далучыцца да ініцыятывы My cup, please! («У мой кубак, калі ласка!») і рабіць скідку тым кліентам, якія просяць наліць напой у прынесены з сабой кубак або тэрмас.
Ёсць і менш відавочныя спосабы зрабіць сваю кавярню больш экалагічна сяброўскай. Напрыклад, распрацаваць эфектыўнае меню – каб інгрэдыенты ў стравах паўтараліся, у выніку чаго будзе ўтварацца менш адходаў.
Варта задумацца і над стварэннем сезоннага меню – калі адмовіцца ад клубніц у сярэдзіне зімы, то на вашы плечы не ляжа экалагічны след яе дастаўкі з іншага канца Зямлі.
А яшчэ можна задумацца над трэндам, які становіцца ўсё больш папулярным па ўсім свеце, – аддаваць прадукты, якія засталіся пасля прыгатавання, людзям ці арганізацыям, а не выкідаць іх.
Кавярня без пластыку прыносіць не толькі даход, але і радасць
– Калі мы адкрывалі сваю кавярню год таму, то і самі не былі ўпэўненыя, што ўсё атрымаецца, – кажа Алёна Маркіна, уладальніца кавярні без пластыку ў цэнтры Мінска. – Але вырашылі: калі не паспрабуем, то і не даведаемся.
Кавярня працуе ўжо другі год. Тут не толькі няма аднаразовага (у тым ліку папяровага) посуду, але і арганізаваны асобны збор смецця, а таксама збор кампосту – яго часткова аддаюць знаёмым фермерам.
Таксама ў кавярні выкарыстоўваюць толькі папяровыя ручнікі, зробленыя са 100% макулатуры, а яшчэ спрабуюць закупляць прадукты без тары – напрыклад, садавіну і гародніну проста перакладваюць са скрынь пастаўшчыка ў сваю.
– Кліентам цікавы такі фармат кавярні, – кажа ўладальніца. – Хаця часам здараюцца і непрыемныя сітуацыі. Напрыклад, у гарачае надвор’е даводзіцца па 20 разоў на дзень паўтараць, што мы не маем саломінак для напояў. Але нават калі кліент з-за гэтага адмовіцца ад пакупкі, я не лічу гэта пройгрышам. Мы пасеем у яго душы насенне сумневу – што такое ў гэтых саломках, калі ад іх адмаўляюцца?
Праца ў такой кавярні дае свае маленькія радасці: напрыклад, у ёй смецце выносяць толькі раз на тыдзень, у той час калі для звычайнай кавярні гэта штодзённая працэдура.
У планах Алёны – наладзіць пастаўку малака ў шкляных бутэльках ад фермераў, каб не давялося выкідаць у смецце тэтра-пакі, якія пакуль не перапрацоўваюцца ў Беларусі.