Арына дзеліцца ўласным досведам фатаграфавання. Фота аўтара.

Як лепш пазіраваць? Чаму фотаздымкі з танцамі пад музыку атрымліваюцца горшымі па якасці, але больш настраёвымі? Як трэба апранацца, калі фатаграфуеш вечарам у вёсцы?

Днямі ў санаторнай школе-інтэрнаце ў Маладзечне правялі трэнінг па фотаздымцы  на мабільны тэлефон. Сваімі сакрэтамі з падлеткамі падзялілася маладзечанка, актывістка, сябра арганізацыі Next Stop – New Life Арына Тархан.

Па словах Арыны, гэта не першы трэнінг, дзе яна, 17-гадовая дзяўчына, выступае як выкладчык па фотаздымцы. Даўно ўжо не хвалюецца пры правядзенні, ды і пазаштатных сітуацый не ўзнікае. Хіба што прэзентацыя не запусціцца з першага разу.

Сёлета дзяўчына паўдзельнічала ў школе плюралізму, дзе навучаюць трэнераў, і вырашыла прымяніць набытыя там уменні на трэнінгу з падлеткамі – вучнямі школы-інтэрната.

Каб фота атрымалася, трэба наладзіць тэдефон. Фота аўтара.

На трэнінгу Арыны ўдзельнікі гутарылі пра мабільную фатаграфію – яе асновы, правілы. Дзяліліся досведам фотаздымкі.

– Калі пачынала трэнінг, пачала гаварыць па падрыхтаваным тэксце, але ўбачыла, што дзеці напружаныя, а мне так хацелася іх усмешак. Тады цалкам адключылася ад плана, пачала шмат расказваць з уласнага досведу, прыгадваць смешныя гісторыі, – падзялілася Арына. Прызналася, што сама да фотаздымкі прыйшла не выпадкова:

– Я нарадзілася ў сям’і, дзе бацька і цётка – фатографы, а мама здымае відэа. Ад 11 год бацька пачаў тлумачыць мне асновы, дапамагаць з практыкай. Пасля вучылася на курсах фатографаў. Курсы далі шмат практыкі.

Парада па фотаздымцы ад Арыны Тархан

Якую параду даць тым, хто любіць фатаграфаваць? Не бойцеся спрабаваць. Заўсёды, калі бачыце прыгожую карцінку з цікавым ракурсам, прыгожым святлом, адключыцеся ад свету і сфатаграфуйце. Я лічу, што наша фотагалерэя ў мабільным тэлефоне – гэта асабісты дзённік. Нярэдка я магу зайсці ў сваю галерэю, паглядзець на любы фотаздымак і прыгадаць цэлы дзень, звязаны з ім. Таму ніколі не бойцеся фатаграфаваць. І не думайце пра тое, што гэту фотку вы будзеце кудысьці выкладаць. Фатаграфуйце для сябе.

• Текст доступен на языке: Русский