Пра гэта піша агенства «Минск-Новости».

Супрацоўнікі падраздзялення атрада міліцыі асаблівага прызначэння ГУУС Мінгарвыканкама перад навагоднімі святамі сабралі дзяцей супрацоўнікаў і выхаванцаў Радашкавіцкага вучэбна-педагагічнага комплекса дзіцячы сад – сярэдняя школа Маладзечанскага раёна.

– На днях у нашу ўстанову адукацыі прыязджаў міністр унутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў і камандзір АМАП ГУУС Мінгарвыканкама Дзмітры Балаба, каб павіншаваць дзяцей з надыходзячым Новым годам. Да іх падышоў першакласнік Косця і сказаў, што яму вельмі хочацца ўбачыць спецтэхніку і патрымаць у руках сапраўдную зброю. Тады афіцэры вырашылі запрасіць нашых выхаванцаў на сваё свята, а заадно здзейсніць жаданне шасцігадовага Канстанціна, – расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Радашкавіцкага ВПК Таццяна Харошка. – Дзеці, вядома, з радасцю пагадзіліся. Раніцай па нас прыехаў аўтобус і прывёз сюды.

У сталіцу з Радашкавічаў прыехала 30 чалавек, сярод якіх не толькі дзеці-сіроты, але і тыя, хто трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю і часова быў змешчаны ў прытулак.

Акцёры Моладзевага тэатра паказалі навагодні спектакль. Пасля байцы АМАП расказалі дзецям пра свой аўтапарк і дазволілі пасядзець у спецмашынах.

Дзеці агледзелі выставу зброі, дзе былі пісталеты, гранатамёты, пабачылі экспазіцыю музея мінскага атрада міліцыі асаблівага прызначэння.

– Такія навагоднія мерапрыемствы на базе нашага падраздзялення праводзяцца традыцыйна. У гэтым годзе свята было арганізавана пры падтрымцы Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, – распавёў камандзір сталічнага АМАПа палкоўнік міліцыі Дзмітры Балаба. – Мы таксама запрасілі дзяцей, якія даслалі нам свае лісты і малюнкі. Для такой карэспандэнцыі на ўваходзе ўстаноўлены спецыяльны стэнд, каб кожны змог прачытаць іх добрыя пажаданні. На мерапрыемстве прысутнічалі і дзеткі-сіроты – мы пастараліся прыкласці ўсе намаганні, каб яны адчулі сябе ў добрай сямейнай атмасферы, атрымалі падарункі і яркія ўражанні.