Танцы Снягурак.

Сёння ў Вілейцы, на цэнтральнай плошчы, зладзілі традыцыйнае шэсце Дзядоў Марозаў.

Шэсце пачынаецца.

Першапачаткова аб’яўлялі, што з-за эпідабстаноўкі шэсця не будзе. Аднак пасля змянілі рашэнне.

Як расказалі ў аддзеле ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Вілейскага райвыканкама, да ўдзелу ў шэсці запрашалі ўстановы і арганізацыі як з горада, так і з раёна. Па традыцыі, шмат было прадстаўнікоў устаноў адукацыі. Акрамя гарадскіх школ былі каманды з Любані, Залесся, Сцешыцаў, Куранца.

У Вілейскім палацы культуры расказалі, што сёлета на шэсце сабралася 20 Дзядоў Марозаў, кожны са Снягуркай і світай.

У некалькіх світах быў сімвал надыходзячага года – Бык. А ў каманды Ільянскага дзяржаўнага аграрнага каледжа жывёл, увогуле, было шмат – Ліса, Бык і нават Малпа. За ўсімі наглядаў добры Доктар Айбаліт. Так каманда каледжа прадставіла свой профіль – ва ўстанове навучаюць на ветэрынараў і заатэхнікаў.

У свіце Дзеда Мароза з Вілейскага малаказавода была Карова. А каманда з Куранецкай школы забаўляла публіку сваімі нячысцікамі.

Гледачы, якіх не спужаў дождж.

Сярод удзельнікаў свята былі таксама ЦРБ, доследны лясгас, установы культуры.

Кожную каманду прадстаўлялі, запрашалі на сцэну і ўручалі ёй салодкі падарунак. Завяршылася свята танцавальным флэшмобам і канцэртнай праграмай. А галоўны Дзед Мароз запаліў ялінку.

Галоўны Дзед Мароз запальвае ялінку.
Персанаж са світы Ільянскага каледжа.

Флэшмоб.

Фота аўтара.