Павел Бераснеў на судзе. Фота Настассі УТКІНАЙ.

Напрыканцы снежня ў маладзечанскім судзе разгледзілі крымінальную справу Паўла Бераснева. Яго абвінавачвалі ў абразе начальніка мясцовага РАУС Вадзіма Прыгары.

Судовае разбіральніцтва вяла суддзя Вікторыя Паляшчук. Дзяржаўным абвінаваўцам выступіла памочнік пракурора Алена Балоціна. Абвінавачваемага абараняў адвакат Алег Пятроў.

Павел Бераснеў – былы следчы маладзечанскай міліцыі, дзе ён працаваў у 1990-х. Яго абвінавачвалі па артыкуле 369 «Абраза прадстаўніка ўлады» Крымінальнага кодэкса Беларусі. Па матэрыялах справы ўвечары 13 верасня Бераснеў намаляваў на будынку па вуліцы Віленскай 23Б у Маладзечне надпіс, які заяўнік расцаніў як абразлівы. Абвінавачваемы прызнаў віну.

Пацярпелы Прыгара

Начальнік Маладзечанскага РАУС Вадзім Прыгара расказаў на пасяджэнні, што ў першай палове верасня на будынку размяшчалі надпісы, якія прыбіралі камунальныя службы, але яны зноў з’яўляліся на наступны дзень. Міліцыя прыняла комплекс мер, каб злавіць правапарушальніка.

Начальнік маладзечанскай міліцыі палічыў, што надпіс, які намаляваў Бераснеў, датычацца асабіста яго. Бо ў Маладзечне і раёне няма людзей з такім прозвішчам. Гэта ён праверыў па тэлефонным даведніку.

– Лічу, што чалавек павінны за гэта адказаць. Чалавек павінен панесці пакаранне з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову, – сказаў Прыгара адносна магчымага пакарання.

Начальнік Маладзечанскага РАУС Вадзім Прыгара.

Прыгара падаў грамадзянскую позву на пакрыццё маральнай шкоды. Ён ацаніў яе ў 10 тысяч рублёў. Прыгара збіраецца аддаць гэтыя грошы ў дом-інтэрнат у Радашкавічы.

Адвакат Пятроў папрасіў Прыгару абгрунтаваць суму маральнай шкоды.

– Мне было непрыемна. Прыходзілі грамадзяне і пыталіся, хіба гэта вас не абражае, ці не можаце знайсці парушальніка. Таксама званілі з райвыканкама, што шмат выдаткавалі на фарбу, каб замаляваць.

З Берасневым Прыгара сустрэўся пасля яго затрымання, праводзіў з ім прафілактычную гутарку.

Бераснеў: Ці выказвалі вы пагрозы пасадзіць мяне ў турму?

Прыгара: Не.

Сведкі Закамскі і Якаўлеў

Захар Закамскі і Іван Якаўлеў працуюць міліцыянерамі патрульна-паставой службы Маладзечанскага РАУС. Увечары 13 верасня міліцыянеры пабачылі Бераснева ля будынку па Віленскай, той ішоў з пакетам і, па іх меркаванні, вёў сябе падазрона. Таму супрацоўнікі вырашылі прасачыць за Берасневым.

Яны абышлі будынак, пабачылі, што Бераснеў нешта малюе балончыкам на сцяне збудавання. Бераснева схапілі, пырснулі газам у твар і надзелі кайданкі. Затым даставілі ў пастарунак.

Чырвоным колерам абведзены будынак, на якім намаляваў надпіс Бераснеў.

Сведкі Кужоўнікі

Увечары 13 верасня Ілона Кужоўнік разам са сваім мужам Дзмітрыям была ў гасцях у хроснай Ірыны Перлашкевіч і яе грамадзянскага мужа Паўла Бераснева. Яны разам вячэралі, пасля Бераснеў адвёз Кужоўнікаў дадому. Яны не бачылі ў Бераснева балончык з фарбай, не размаўлялі з ім пра палітычную сітуацыю ў краіне. Пра яго затрыманне Кужоўнікі даведалася ад Перлашкевіч.

Эксперт-лінгвіст Чарняцоў 

Аляксей Чарняцоў – дзяржаўны судовы эксперт дзяржаўнага Упраўлення судовых экспертыз. Сведчыў праз відэасувязь у Мінскім абласным судзе.

Чарняцоў зрабіў экспертызу, у якой выявіў, што ў надпісу Бераснева была негатыўная ацэнка асобы Прыгары.

Адвакат адзначыў, што эксперт напісаў у экспертызе не ўсе тлумачэнні абрэвіятуры, якая абразіла пацярпелага Прыгары. Па словах абаронцы, у слоўніках ёсць іншае тлумачэнне абрэвіятуры: «чалавек мала адукаваны» (рус. «человек мало образованный»). Абвінавачваемы расшыфроўвае абрэвіятуру, якая была ў надпісу, як «чалавек Мінскай вобласці» (рус. «человек Минской области»).

Эксперт удакладніў, што абрэвіятура, якая фігуравала ў надпісу, не з’яўляецца бранай. Па яго словах, абрэвіятура з’яўляецца нарматыўнай у кантэксце надпісу.

Грамадзянская позва ад кампаніі Батана і яго сведчанні

Ірына Како – намеснік дырэктара па эканоміцы і фінансах прыватнага ўнітарнага прадпрыемства «Пані». Яна заявіла грамадзянскую позву аб пакрыцці матэрыяльнай шкоды. Како паведаміла, што Бераснеў ужо аплаціў 307 рублёў, аднак кампанія гэтым незадаволеная.

– На будынках кампаніі чатыры разы былі малявалі надпісы. У судзе разглядаецца толькі адзін выпадак, але мы лічым, што спадар Бераснеў вінаваты ва ўсіх чатырох выпадках. Мы падаем грамадзянскую позву на 5476,40 беларускіх рублёў.

Дырэктар «Пані» Аляксандр Батан заяўляў у міліцыю, што будынак размалёўваюць. Намеснік начальніка міліцыі папрасіў Батана даць ключы ад будынка, каб зрабіць там аблаву.

– Я бачыў надпіс раніцай наступнага дня. Потым прыехалі камунальшчыкі і закрасілі яе. Па гэтым эпізодзе закранула толькі панэлі. Гэтыя панэлі не замянілі.

Батан ацаніў шкоду ў 1805,15 беларускіх рублёў за вылікам сумы, якую Бераснеў ужо аплаціў.

Бераснеў падчас судовага пасяджэння.

Паказанні Бераснева

Паказанні Бераснева сходзяцца з паказаннямі сведкі Ілоны Кужоўнік. Пасля таго, як Бераснеў адвёз Кужоўнікаў дадому, ён вярнуўся да дому Перлашкевіч. Пакінуў у дварах аўтамабіль, нейкі час гуляў. Пасля спыніўся каля будынку па Віленскай 23Б, дастаў з пакету балончык з сіняй фарбай і пачаў пісаць надпіс на сцяне збудавання. Ён не ведае, чаму вырашыў гэта зрабіць.

– Магчыма, я хацеў нешта сабе даказаць. Хацеў зрабіць фота, потым замаляваць надпіс. Фота не збіраўся распаўсюджваць. Мой учынак быў імпульсіўным.

Потым Бераснеў пабачыў, як да яго бег невядомы. Ён развярнуўся ў іншы бок, яго схапіў іншы чалавек. Бераснеў не разумеў, што гэта супрацоўнікі міліцыі. Тыя надзелі кайданкі, а на просьбу паказаць пасведчанне пырснулі пярцовым балончыкам у твар.

Пры затрыманні хтосьці з міліцыянераў сказаў, што Бераснеў добра трапіў, бо зрабіў надпіс пра начальніка міліцыі. Бераснеў баяўся, каб яго дзеянні не кваліфікавалі як хуліганства, таму прыдумаў матыў, што надпіс датычыцца начальніка Маладзечанскага РАУС.

Бераснеў адзначае, што напісаў пра Міхаіла Прыгару, якому Вярхоўны суд прысудзіў тры гады за карупцыйныя злачынствы. Абвінавачваемы не прызнаў грамадзянскія позвы ад кампаніі «Пані» і Вадзіма Прыгары.

Бераснеў адзначыў, што ў пастарунку пры складанні пратаколу апытання яго трымалі ў кайданках і не давалі памыць твар пасля пярцоўкі. Ён палічыў гэта катаваннямі. У апошнім слове Павел Бераснеў сказаў, што яго віна не даказаная, а паказанні сведкаў Закамскага і Якаўлева былі непаслядоўнымі.

Прысуд

Дзяржаўны абвінаваўца наадварот палічыла віну Бераснева даказанай і запрасіла для яго паўтары гады абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Яна прасіла зменшыць колькасць сумы па грамадзянскай позве Прыгары да разумнай, а позву ад кампаніі «Пані» разглядзець у грамадзянскай судавытворчасці.

Суддзя Вікторыя Паляшчук прызнала Паўла Бераснева вінаватым.

Яму прысудзілі паўтара гады абмежавання волі ў выпраўленчай калоніі адкрытага тыпа.

Кампенсацыя за маральную шкоду начальніку Маладзечанскага РАУС Вадзіму Прыгары склала чатыры тысяч рублёў.

Грамадзянскую позву ад кампаніі «Пані» будуць разглядаць у грамадзянскай судавытворчасці.

• Текст доступен на языке: Русский