Фота the-scientist.com.

Дарагія чытачы, мы падсумавалі нашу традыцыйную акцыю «Асоба года» і маем імёны пераможцаў.

Мы вельмі ўдзячныя ўсім, хто стаў намінантам акцыі. Дзякуючы вам 2020 год быў такім непаўторным і, нягледзячы на ўсе складанасці, нам ёсць што прыгадаць з удзячнасцю.

У акцыі ёсць пераможцы ў чатырох намінацыях. У галоўнай намінацыі «Асоба года», а таксама ў намінацыях «Учынак года» і «Натхненне года» пераможцаў выбірае рэдакцыя. У намінацыі «Выбар чытачоў» пераможцаў абіраюць чытачы праз галасаванне.

«Выбар чытачоў»

Аляксей Кудзін на плошчы 10 жніўня. Адзінаборца ў джынсавым шортах, зялёнай майцы і чорнай кепцы. Фота Настассі УТКІНАЙ.

Па выніках галасавання пераможцам намінацыі стаў маладзечанскі адзінаборца Аляксей Кудзін. Мы намінавалі яго за сілу духу. Кудзін – чэмпіён свету па тайскім боксе сярод аматараў у 2006, 2007, 2008, 2011 і 2014 гадах, чэмпіён свету па кікбоксінгу сярод аматараў у 2007 і 2009 гадах, чэмпіён свету сярод прафесіяналаў у 2007 годзе.

Аляксей вырас і жыве ў Маладзечне, разам з жонкай выхоўвае пяцярых дзяцей.

10 жніўня ў Маладзечне Аляксея спрабавала затрымаць група сілавікоў, але Аляксей  змог пазбегнуць затрымання. Падчас сутыкнення Аляксея збілі дубінкамі, таму на наступны дзень паехаў у бальніцу.

Машыну з Аляксеем падрэзалі, кінулі пад аўто светлашумавую гранату, збівалі і ва ўпор стрэлілі з траўматычнага пісталета.

Падрабязней расказ Аляксея вы можаце пачытаць на нашым сайце. У адносінах да Кудзіна завялі крымінальную справу па частцы 2 артыкула 363 Крымінальнага кодэкса — «Супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якія ахоўваюць грамадскі парадак». Максімальная санкцыя — да пяці год пазбаўлення волі.

Цяпер Аляксей за мяжой. Ён не з’явіўся на пасяджэнне суда па сваёй справе, мужчыну абвясцілі ў вышук.

«Учынак года»

Аляксандр Грымаць. Фота Настассі Уткінай.

Аляксандр Грымаць – дэпутат Лебедзеўскага Савета дэпутатаў 28-га склікання, а раней працаваў участковым міліцыянерам. 12 жніўня ён сабраў мясцовых жыхароў і прапанаваў занесці калектыўны зварот старшыні Лебедзеўскага сельвыканкама Тамары Дудзіч.

У звароце было патрабаванне звярнуцца да Маладзечанскага раённага і Мінскага абласнога Саветаў дэпутатаў з хадайніцтвам аб спыненні кровапраліцця і беззаконня, а таксама аб рашэнні пытанні аб правядзенні мірных перамоў і недапушчэнні гвалту з абодвух бакоў.

Калі людзі ішлі да сельвыканкама, раптоўна дарогу перагарадзіў бус, з якога выскачыла група сілавікоў. Яны не прадстаўляліся, і адразу пачалі збіваць мужчын, чатырох затрымалі. Сярод затрыманых быў і дэпутат.

Пасля Грымаця асудзілі па артыкуле 23.34 за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве на 20 базавых велічынь. Грымаць віну не прызнаў.

Крымінальная справа па факце збіцця людзей у адносінах сілавікоў так і не была заведзеная.

Мы лічым, што ўчынак дэпутата Аляксандра Грымаця – узор таго, што ў любой сітуацыі чалавек можа рабіць учынкі ў адпаведнасці з уласнымі перакананнямі і сумленнем.

«Натхненне года»

Фота novychas.by.

У гэтай намінацыі перамагае Васіль Грынь з камандай гаспадароў аграсядзіб Валожыншчыны. Васіля мы адзначылі за дапамогу медыкам падчас першай хвалі каронавіруса. Гаспадары аграсядзіб прапанавалі Валожынскай ЦРБ дапамогу гарачымі штодзённымі абедамі для медыкаў. Кіраўніцтва бальніцы падтрымала прапанову. Ініцыятыва належала Анатолю Ганцу. На яе адгукнуліся іншыя гаспадары, у тым ліку і Васіль Грынь.

Гаспадары аграсядзіб дамовіліся, што будуць у меру сваіх магчымасцяў рабіць для медыкаў абеды. Нехта закрывае адзін дзень, а нехта гатуе ежу тры дні. Шмат людзей дапамагала гароднінай і мясам.

Ежу гатавалі сем’ямі, а некаторыя прынялі да сябе кваліфікаваных повараў.

З кухонным блокам бальніцы прадумалі лагістыку. Прывозілі бакі з ежай, перадавалі іх на ўваходзе ў інфекцыйнае аддзяленне. Пасля ўсё мылася і дэзынфікавалася. Потым гэтыя бакі забіралі. Калі хтосьці з гаспадароў сам не мог прывезці ежу, дактары накіроўвалі машыну і забіралі абеды.

Васіля Грыня і каманду мы адзначылі ў намінацыі «Натхненне года», каб прыклад гэтых людзей натхняў вас і нас на добрыя справы.

«Асоба года»

Вольга Шостак.

Ёй сёлета стала віляйчанка Вольга Шостак. Педагога з Вілейкі мы адзначылі за яе грамадзянскую пазіцыю.

Сёлета Вольга актыўна збірала па рэгіёне подпісы за кандыдата ў прэзідэнты Святлану Ціханоўскую, пасля выбараў дабівалася сустрэчы выбаршчыкаў з дэпутатам Ірынай Супрановіч, каб вырашыць балючыя пытанні, якія хвалявалі вілейчукоў.

Праз сваю грамадзянскую пазіцыю Вольга была вымушаная звольніцца з любімай працы – Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Звольнілася яна сама. А рашэнне растлумачыла так: «Я не магла падманваць дзяцей і калег, казаць, што ў нас усё добра, гледзячы на тое, колькі вакол гвалту і хлусні. Як я магу казаць дзецям пра тое, што ІТ-спецыялісты патрэбныя ў нашай краіне, калі ў святле апошніх падзей ІТ-кампаніі з’язджаюць з Беларусі. Не магу казаць пра тое, што ў беларускім грамадстве цэняць камунікацыі, камунікабельнасць, крытычнае мысленне.

Бо многія з тых людзей, якія валодаюць крытычным мысленнем і гатовыя адстойваць сваю пазіцыю, сёння за кратамі».

У цэнтры дадатковай адукацыі Вольга стварыла міні-лабараторыю «Планета навуковых цудаў». Са сваімі працамі яна сама і яе вучні не раз былі пераможцамі конкурсаў розных узроўняў, пастаянна выступалі на гарадскіх пляцоўках на масавых мерапрыемствах. Педагог шмат зрабіла для развіцця STEM-адукацыі ў Вілейцы.

За восень Вольга два разы была асуджаная па адміністрацыйнай справе па артыкуле 23.34 Кодэкса ад адміністрацыйных парушэннях. Прысудзілі штрафы – 540 і 1215 рублёў.