Мінулы год для многіх з нас стаў годам страт. Давайце прыгадаем тых людзей, якіх мы страцілі ў 2020.

31 студзеня памёр галоўны рэжысёр Мінскага абласнога тэатра лялек «Батлейка» Мікалай Андрэеў. За месяц да смерці ён адзначыў 63-годдзе. Лялечным тэатрам Андрэеў кіраваў ад 2004 года.

Мікалай Андрэеў.

16 лютага на 89-м годзе жыцця памерла адзіная выратаваная ў маі 1943 года з вогненнай вёскі Боркі, што на Вілейшчыне, Фаіна Анасовіч. Яна жыла ў Рабуні.

Фаіна Анасовіч. Фота mlyn.by.

Таксама ў лютым, на 104-м годзе жыцця, у Маскве памёр легендарны разведчык, прататып маёра Віхора Аляксей Бацян. Ён нарадзіўся 10 лютага 1917 года ў Чартавічах Віленскай губерні. Цяпер гэта вёска ў Валожынскім раёне. Незадоўга да смерці ён наведаў родную вёску, сустрэўся са сваякамі і землякамі.

Аляксей Бацян. Фота ria.ru.

26 сакавіка памерла жыхарка Валожыншчыны настаўніца Валянціна Шніп. Яна нарадзілася ў 1927 годзе. Выкладала беларускую мову і літаратуру. Была заслужанай настаўніцай Беларусі, найстарэйшай жыхаркай вёскі Пугачы.

Пісьменнік Віктар Шніп са сваёй цёткай і настаўніцай Валянцінай Шніп. Фота са старонкі Віктара Шніпа ў фэйсбуку.

У маі пасля працяглай хваробы памёр заснавальнік і саўладальнік партала tut.by, мецэнат, грамадскі дзеяч Юры Зісер. Нарадзіўся ў Львове ў 1960 годзе.

Юры Зісер. Фота tut.by.

22 жніўня стала вядома пра смерць футбольнага фаната з Маладзечна Мікіты Крыўцова. Яго знайшлі загінулым у лесе ў Мінску.

Мікіта Крыўцоў.

24 жніўня ў Вілейцы памерла паэтка і журналіст Клаўдзія Дубовік. Працавала рэдактарам насценнай газеты завода «Зеніт» у Вілейцы, у рэдакцыі маладзечанскай раённай газеты.

Клаўдзія Дубовік на прэзентацыі сваёй кнігі ў бібліятэцы ў Вілейцы. Фота villib.by.

25 кастрычніка памёр кіраўнік заслужанага аматарскага ансамбля песні і танца «Спадчына» маладзечанец Яўген Гарчанін. Ён стаў кіраваць ансамблем ад 2016 года, пасля смерці першага кіраўніка Іосіфа Сушко. Да гэтага працаваў тут хормайстрам.

4 лістапада пасля хваробы памёр маладзечанец юрыст Аляксей Хвосцік. Яму было 73 гады. Нарадзіўся ва Украіне. Быў дэпутатам Мінскага абласнога Савета дэпутатаў часоў станаўлення незалежнасці, уваходзіў у дэмакратычны клуб Маладзечанскага гарадскога Савета дэпутатаў. Як юрыст і праваабаронца дапамагаў маладзечанцам і жыхарам рэгіёна.

Аляксей Хвосцік. Фота праваабарончага цэнтра “Вясна”.

У лістападзе ў 42 гады раптоўна не стала нашага калегі Аляксея Бераснева. Больш за пяць гадоў аддаў нашаму выданню Аляксей. У 2008 годзе сайт газеты атрымаў дыплом інстытута FOJO, Швецыя, за найлепшы рэдызайн сайта. Тут была вялізная заслуга тэхнічнага рэдактара. Змяняўся выгляд папяровага выдання, усё больш навін нашы чытачы атрымлівалі з сайта. І ўсюды прыкладаў сваю руку Аляксей Бераснеў, працуючы ў зладжанай камандзе аднадумцаў. Апошнія гады Аляксей жыў са сваёй сям’ёй за акіянам, але мы заставаліся на сувязі. У рэдакцыі працуе яго мама.

Аляксей Бераснеў. Фота забяспечанае сям’ёй.

11 лістапада стала вядома пра смерць ураджэнца Вілейкі Валерыя Шумскага. Бізнесмену і мецэнату было 60 год. Ён нарадзіўся ў Вілейцы, скончыў БНТУ. Займаўся паліўным бізнесам у Расіі, падтрымліваў беларускія рок-гурты. Уладальнік самай вялікай калекцыі вінілавых пласцінак у Беларусі, а таксама самага вялікага парка рэтра-аўтамабіляў. Шумскі быў №13 у топ-200 самых уплывовых бізнесоўцаў краіны па версіі «Ежедневника». У Вілейцы дзякуючы яго падтрымцы ў парку з’явілася скульптура Маці.

Валеры Шумскі. Фота youtube.com.

20 лістапада памёр 73-гадовы кампазітар Алег Залётнеў. Некалі ён працаваў у Мінскім абласным драмтэатры. Таксама Залётнеў – аўтар оперы «Міхал Клеафас Агінскі. Невядомы партрэт», якая ставілася ў Маладзечне.

Алег Залётнеў. Фота facebook.com.

24 лістапада блізкія развіталіся з архітэктарам, мастаком і краязнаўцам, вілейчуком Анатолем Капцюгом. Яму было 68. Анатоль Іванавіч быў сябрам і аўтарам «Рэгіянальнай газеты». Ён вёў праект «Школка дзядзькі Капцюга», дзе дзяліўся ведамі па беларускай этнаграфіі. Капцюг – аўтар памятных дошак гістарычным асобам на Вілейшчыне, рэканструяваў Цэнтральную плошчу Вілейкі і фантан на ёй.

Таксама ў лістападзе не стала ўраджэнца Смаргоні дыпламата Уладзіміра Шчаснага. Ён нарадзіўся ў 1948 годзе. Апошнія гады з’яўляўся кансультантам Упраўлення інфармацыйнай палітыкі «Белгазпрамбанка», які ўзначальваў Віктар Бабарыка.

Уладзімір Шчасны. Фота artbelarus.by.

13 снежня памёр віляйчук, гісторык і журналіст, былы дырэктар Вілейскага краязнаўчага музея Сяргей Ганчар. Сяргей – аўтар шматлікіх публікацый па гісторыі Вілейшчыны, распрацоўшчык музейна-адукацый ных праграм, культурна-мастацкіх праектаў. Апошнія гады працаваў галоўным рэдактарам вілейскай раённай газеты. Яму было 39 гадоў. Пахавалі Сяргея Ганчара на малой радзіме – у Рабуні.

Таксама ў снежні пайшоў з жыцця першы прэм’ер-міністр незалежнай Беларусі ўраджэнец Валожыншчыны Вячаслаў Кебіч. Яму было 84. Вячаслаў Францавіч нарадзіўся 10 чэрвеня 1936 года на Валожыншчыне, у вёсцы Канюшаўшчына. Быў дырэктарам Мінскага станкабудаўнічага завода імя Кірава, другім сакратаром Мінскага гарадскога камітэта, а затым абласнога камітэта КПБ.

Вячаслаў Кебіч. Фота Аляксандра Васюковіча, tut.by.

У снежні памёр старшыня Гальшанскага сельвыканкама Вайцех Коўзан. У яго быў каронавірус. Старшыні было 59 год. Ён нарадзіўся ў Барунах, там быў кіраўніком мясцовай гаспадаркі. Ад 2018 года абраны старшынёй Гальшанскага сельвыканкама. Дбаў пра развіццё здаровага ладу жыцця ў Гальшанах, удзельнічаў у міжнародных праектах. У 2019 годзе нашы карэспандэнты сустракаліся з Вайцехам Іванавічам і бралі ў яго каментар наконт будаўніцтва.

Старшыня сельвыканкама Вайцех Коўзан падчас сустрэчы з журналістамі “Рэгіянальнай газеты” у канцы 2019 года. Фота Настассі Уткінай.