На адкрыцці выставы. Злева направа: дырэктар мастацкай школы Наталля Трус, мастак Рыгор Мяжуеў, намеснік начальніка аддзела культуры, ідэалогіі і па справах моладзі Маладзечанскага райвыканкама Алена Сакалоўская, выкладчыца мастацкай школы Алена Кучко.

У Нацыянальным мастацкім музеі 17 снежня адкрылі выставу маладзечанскіх мастакоў. Выстава ўнікальная, бо на ёй прадстаўленыя працы мастакоў трох пакаленняў, расказала выкладчыца мастацкай школы Алёна Кучко.

Выстава будзе працаваць да канца студзеня. Наведнікі могуць убачыць працы Ядвігі Раздзялоўскай, Кастуся Харашэвіча, Юрася Герасіменкі – Жызнеўскага, Рыгора Мяжуева, Міколы Аўчыннікава, Васіля Лазоўскага, іншых.

Карціна Леаніда Дударэнкі “Партызаны Беларусі”.

На адкрыцці прысутнічала дэлегацыя маладзечанскіх мастакоў, іх сябры, калегі, аматары мастацтва, прадстаўнікі Мінаблвыканкама. Пра ўражанні ад выставы і яе значэнне для маладзечанскіх мастакоў – мы пагутарылі з удзельнікам Міколам Аўчыннікавым.

– Такая з’ява, калі творы маладзечанскіх мастакоў з Мінскага абласнога краязнаўчага музея выстаўляюцца ў Нацыянальным мастацкім, адбылася ўпершыню. Трапіць сюды складана. Усяго музей з Маладзечна прадставіў каля 60 прац мастакоў розных гадоў, сярод іх і каля 25 маіх. Шкада, што некаторыя творы Кастуся Харашэвіча, Аляксандра Пашкевіча не ўдалося паказаць з-за іх вялікага памеру. Яны проста не ўлезлі ў транспарт, – расказаў мастак.

Падчас адкрыцця.

Па яго словах, большасць карцін мастакоў з Маладзечна маюць краязнаўчы змест. Гэта звязана са спецыфікай музея, дзе яны захоўваюцца. Гэта рэалістычнае мастацтва, без эксперыментаў. Шмат архітэктурных помнікаў Міншчыны, карцін, прысвечаных гістарычным асобам і падзеям.

– Часам мінскія мастакі нам кажуць, што мы занадта шмат малюем хатак. А калі мы не намалюем сёння самабытную вясковую хату, то заўтра ўбачым яе ўжо абкладзенай сайдынгам. Таму хаткі маляваць трэба, – адзначае Мікола Аўчыннікаў.

Мастак прыгадаў, што ў 1970-80-х гадах у горадзе была моцная мастакоўская супольнасць. Шмат было сяброў Саюза мастакоў. Па словах суразмоўцы, гэта быў залаты час для культуры Маладзечаншчыны. Працавалі мастакі, а з імі і руплівыя краязнаўцы – Генадзь Каханоўскі і Мікола Ермаловіч.

Маладзечанская дэлегацыя ў Мінску.

– Цяпер іншыя часы. Нас, мастакоў з той суполкі, засталася палова. Моладзь не асабліва хоча ісці ў мастацтва. Аднак мы працягваем тыя традыцыі. Па вясне плануем зладзіць выставу да стагоддзя краязнаўцы Міколы Ермаловіча.

Фотаздымкі Тамары Марчанкавай.

• Текст доступен на языке: Русский