Што прыносілі мінулыя гады Быка на Смаргоншчыну, прыгадаем у першыя дні новага года.
1937
У Мінску ў «чорную ноч» з 29 на 30 кастрычніка камуністы расстралялі беларускага яўрэйскага паэта Мойшу (Майсея) Кульбака разам з іншымі прадстаўнікамі беларускай інтэлігенцыі. Нарадзіўся ў 1896 годзе ў Смаргоні.
У горад пераехаў жыць і працаваць беларускі дзеяч аматарскага мастацтва, кампазітар, заслужаны дзеяч культуры Беларусі Аляксандр Дзяруга (1901-1979). Ад 1993 – ганаровы грамадзянін Смаргоні.
Польскія ўлады арыштавалі за рэвалюцыйную дзейнасць педагога, дзеяча самадзейнага мастацтва, кампазітара, ураджэнца вёскі Мінкі Смаргонскага раёна Аляксандра Шыдлоўскага.
Мастак Пётра Сергіевіч размаляваў скляпенні капліц у касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Жодзішках.
1949
Савецкія ўлады арыштавалі і выслалі ксяндза Вацлава Бекіша, што служыў у сольскім касцёле.
У горадзе Тайшэце Іркуцкай вобласці памёр ураджэнец вёскі Арляняты, што на Смаргоншчыне, літаратуразнаўца, каталіцкі святар, гісторык, палітычны дзеяч Адам Станкевіч.

З Мядзельшчыны ў Смаргонь пасля смерці бацькі пераязджае разам з маці Расціслаў Лапіцкі. Расціслаў ходзіць у мясцовую школу, гуртуе вакол сябе антысавецкае моладзевае падполле. Праз год камуністы асудзяць і расстраляюць 22-гадовага Расціслава ва ўрочышчы Красны Беражок на Вілейшчыне.
У Шутавіцкім Доме культуры пачаў дзейнічаць фальклорны калектыў. Сёння гэта самы старэйшы мастацкі калектыў Смаргоншчыны, мае званне народнага. Артысты адраджаюць абраднасць беларусаў.
Утварылі Вішнеўскі сельсавет, а ў Крэве з’явіўся калгас «Шлях Леніна».
1961
Адкрылася «Смаргонская спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа Алімпійскага рэзерву».
У Жодзішках правялі электрычнасць. З гэтай прычыны перастаў працаваць вадзяны млын.
У вёсцы Дзенавішкі на Смаргоншчыне нарадзіўся мастак Анатоль Бяляўскі.
Ліквідавалі Велікамыскі і Данюшаўскі сельсаветы.
У сядзібе кампазітара і дыпламата Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі адчынілі дом для састарэлых. Установа была тут да 1977 года. Пасля яе аддалі на баланс прадпрыемства «Смаргоньселікатабетон».

У касцёле ў Крэве, пабудаваным на месцы старога ў 1936 годзе, размясцілі бальніцу.
1973
На Смаргонскім заводзе аптычнага станкабудавання адкрылі інструментальны, механічны і механазборачны цэхі.
Таксама ў горадзе пачынаюць будаваць завод сухога абястлушчанага малака.
У чэрвені ў Парыжы памерла ўраджэнка Смаргоні (нарадзілася ў 1901 годзе), актывістка расійскага і міжнароднага рэвалюцыйна-анархісцкага руху, медык Іда Лазарэвіч-Гільман, вядомая пад псеўданімам Мет Іда.
Скульптар Уладзімір Церабун, які цяпер жыве ў Смаргоні, стварыў мемарыяльны комплекс «Дальва» ў памяць аб спаленых фашыстамі жыхарах былой вёскі ў Лагойскім раёне.
1985
Ад гэтага года ў Смаргонь пераязджае жыць мастак і музыкант Аляксандр Іваноў, ураджэнец Астраханскай вобласці.
Выходзіць зборнік вершаў і паэм Уладзіміра Някляева «Наскрозь».

Смаргонь выдзелілі ў асобную адміністрацыйную адзінку абласнога падпарадкавання.
Ад гэтага года ў Смаргоні жыве ўраджэнка Маладзечна, паэтка і журналіст Ала Страшынская.
На Смаргонскім малаказаводзе ўстанавілі нямецкае абсталяванне.
Скульптурная кампазіцыя смаргонца Уладзіміра Церабуна «Расстраляная песня» экспанавалася на Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў у Маскве, дзе аўтар атрымаў сярэбраны медаль.
Археолаг Міхась Ткачоў працягвае даследаванні Крэўскага замка. Тады ў ходзе раскопак у паўночна-заходняй частцы дзядзінца знайшлі рэшткі драўляных жылых гаспадарчых пабудоў, фрагменты кафлі, бытавой керамікі і металічных вырабаў розных часоў. Праведзеныя працы дазволілі пацвердзіць думку літоўскіх даследчыкаў пра тое, што замак узвялі ў 13 стагоддзі.
Адчынілі гасцініцу «Смаргонь» на сто нумароў.
За гэты год фонды гарадскога музея папоўніліся на 333 экспанаты.
1997
Музею ў школе №4 прысвоілі званне «народны».
Супрацоўніца смаргонскага музея Надзея Маркава занатавала і захавала ўспаміны смаргонкі Кацярыны Мінкоўскай пра тое, як у Смаргоні пяклі вядомыя абаранкі. На той момант Кацярыне Аляксандраўне было 87 год. У 1930-х яна працавала абараначніцай-«калястольніцай» – рабіла абаранкі з цеста. Успаміны захоўваюцца ў музеі.
Смаргонец, музыкант, дырыжор Віктар Роўда атрымаў новую заснаваную прэмію «За духоўнае адраджэнне», якая штогод прысуджаецца за выдатныя творы літаратуры і мастацтва, актыўную падзвіжніцкую дзейнасць у гуманітарнай галіне. Роўда быў у пяцёрцы першых, хто атрымаў узнагароду.
У Крэве пабудавалі касцёл Ператварэння Гасподняга.
З Мінскага батанічнага сада ў будынак былой школы-інтэрната, а цяпер Смаргонскага політэхнічнага профліцэя завезлі першыя некалькі відаў трапічных раслін. Цяпер іх больш за дзвесце: фінікавая пальма, фейхоа, цытрынавае дрэва, банан-трава, кававае дрэва. Штогод аранжарэю «Зімовы сад» наведвае каля сямі тысяч чалавек.
Пры Смаргонскім цэнтры дзяцей і моладзі стварылі скаўцкую дружыну.
2009
У Смаргоні ўстанавілі помнік паэту Францішку Багушэвічу.
У горадзе правялі фестываль-конкурс эстрадных выканаўцаў «Адна зямля», а таксама рэспубліканскае свята Дзень беларускага пісьменства.
На Смаргонскім малаказаводзе рэалізавалі інавацыйны праект – будаўніцтва ўласнай кацельні.
Крэва становіцца аграгарадком.
• Текст доступен на языке: Русский