Рамуальд Улан на судзе. Фота Настассі Уткінай.

Пасля абвяшчэння прысуду частка людзей, што прыйшла падтрымаць Улана, праскандавала: «Ганьба!».

Улану паставілі ў віну тое, што ён распаўсюдзіў заведама непраўдзівыя звесткі, якія ганьбяць гонар і годнасць міліцыянераў. Пацярпелымі па справе праходзяць сямёра супрацоўнікаў Смаргонскага райаддзела міліцыі. Справу разглядаў суддзя Сяргей Боландзь, дзяржаўным абвінаваўцам выступіў Андрэй Клышэвіч.

5 студзеня ў судзе Смаргонскага раёна абвясцілі прысуд прадпрымальніку і былому ўладальніку і рэдактару «Новай газеты Смаргоні» 55-гадоваму Рамуальду Улану.

Суд прызнаў вінаватым у распаўсюджанні заведама лжывых, якія ганьбяць іншую асобу звестак і на падставе артыкула 188 Крымінальнага кодэкса «Паклёп» прызначыў пакаранне – два з паловай гады абмежавання свабоды з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»). Спагнаць на карысць пацярпелых Уласенкі, Замары, Кавязы, Ражко кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 300 рублёў кожнаму. Спагнаць на карысць пацярпелых Каравая, Малчанава і Ткачова кампенсацыю ў памеры па 500 рублёў кожнаму.

Максімальнае пакаранне, якое прадугледжвае артыкул 188 – абмежаванне свабоды тэрмінам да трох год. Менавіта такую санкцыю запатрабаваў дзяржаўны абвінаваўца, а таксама кампенсацыю пацярпелым у памеры 1000 рублёў кожнаму.

Перад судом.

За што судзілі Улана

24 верасня ў гарадской суполцы ў сацыяльнай сетцы «Укантакце» «Чуткі Смаргонь» размясцілі пост з карцінкай з мультфільма «Том і Джэры», дзе кот адчыняе дзверы, у якія ўваходзяць некалькі іншых катоў. Зверху надпіс «Калі цябе пакрыўдзілі ў “Чутках” і ты клічаш падтрымку». Зверху аўтар публікацыі напісаў: «Калі не абароняць, то хоць палайкаюць. Знаёма?».

Пад гэтым пастом Рамуальд Улан размясціў два каментары, за якія прадпрымальніка і прыцягнулі да адказнасці. У першым ён размясціў два фотаздымкі з лістоўкамі пра міліцыянераў і допісам: «Вось гэтыя таварышы “ў рэале”, а не “Чутках” атрымліваюць дызлайк». У другім – яшчэ два фотаздымкі лістовак з допісам: «Смелыя смаргонскія партызаны… Хто фальсіфікуе пратаколы, парушае наша заканадаўства. Радзіма павінна ведаць сваіх “герояў”».

У саміх лістоўках былі асабістыя дадзеныя міліцыянераў, фотаздымкі, у некаторых – інфармацыя пра членаў сямей. Таксама на лістоўках былі паведамленні, якія абвінавачваюць іх у лжэсведчанні і іншых злачынствах.

На судовым пасяджэнні Улан віну цалкам не прызнаў, хаця не адмаўляў, што фотаздымкі лістовак і подпісы размясціў ён.

Пацярпелыя па справе сямёра міліцыянераў, інфармацыя пра якіх была размешчаная на лістоўках, – оперупаўнаважаны аддзялення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі крымінальнай міліцыі старшы лейтэнант Ігар Замара, старшы ўчастковы інспектар аддзела аховы і правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі капітан Андрэй Кавяза, участковы інспектар міліцыі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі старшы лейтэнант Аляксей Ражко, начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі падпалкоўнік Руслан Ткачоў, начальнік аддзялення інфармацыйнага забеспячэння капітан Аляксандр Уласенка, старшы інспектар па дазваляючай працы аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі капітан Сямён Малчанаў, начальнік штаба маёр Віктар Каравай. На судовых пасяджэннях прысутнічалі шасцёра пацярпелых, Кавяза не прысутнічаў па ўважлівай прычыне.

У судовай зале было шмат людзей.

Падчас суда

На судовым пасяджэнні Улан не пагадзіўся, што інфармацыя ў лістоўках заведама непраўдзівая. Ён патлумачыў, што на той момант чуў пра апраўдальныя судовыя прыгаворы па адміністрацыйных справах. Таму калі ўбачыў па дарозе на працу лістоўкі на дошцы аб’яў, вырашыў, што інфармацыя на іх адпавядае праўдзе. Сфатаграфаваў, а пасля размясціў у сацыяльнай сетцы, пры гэтым не думаў, што звесткі будуць чытэльныя з-за сціскання фотаздымкаў.

Падчас допыту капітан Уласенка паведаміў, што інфармацыя пра яго ў лістоўцы супярэчыць праўдзе і яго перакананням.

Давялося тлумачыць сітуацыю знаёмым і даказваць, што напісанае там няпраўда, што маральна было не проста абвяргаць змест лістоўкі многім дарагім людзям.

Сярод абвінавачанняў у лістоўцы было пра тое, што Уласенка сочыць за жыхарамі горада. Капітан міліцыі патлумачыў, што ўдзельнічаў у ахове парадку падчас несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў. І па роду дзейнасці не сочыць, а назірае за ўдзельнікамі масавых мерапрыемстваў.

Старшы лейтэнант Замара сказаў, што шмат сіл аддаў, каб патлумачыць бацькам і сябрам, чаму з’явілася такая інфармацыя і што свае маральныя пакуты ацэньвае ў 1000 рублёў. На пытанне, ці ганьбіць яго фраза «Сочыць за жыхарамі» адказаў, што не сочыць, а дакументуе.

Маёр Каравай на пытанне абароны, ці ганьбіць яго фраза пра сачэнне за жыхарамі, адказаў, што здымае іх адкрыта. Сказаў, што была размешчаная інфармацыя пра дзяцей і фота жонкі і інфармацыя, якая кампраметуе і не адпавядае рэчаіснасці.

Капітан Малчанаў сказаў, што давялося тлумачыць блізкім наконт зместу лістоўкі. Старшы лейтэнант Ражко сказаў, што непраўдзівыя паказанні ніколі не даваў, а працуе ён з людзьмі, і пасля такой інфармацыі хвалюецца, як людзі на яго будуць глядзець.

Падпалкоўнік Ткачоў сказаў, што абвінавачанні ў лістоўцы пра яго не адпавядаюць праўдзе, акрамя фразы «Не ведае законаў РБ», таму што ўсе законы ведаць немагчыма. Дадаў, што злачынныя загады ніколі не аддаваў. Падчас вучобы ў канцы 80-х – пачатку 90-х Улан быў яго выкладчыкам.

Міліцыянеры падчас суда падтрымалі іскавыя патрабаванні наконт кампенсацыі шкоды на суму 1000 рублёў кожнаму.

Што сказаў Улан у апошнім слове

У апошнім слове Улан сказаў, што, на яго думку, жыхары маюць права на свабоднае выказванне меркавання і мірныя дэманстрацыі, гэта не забаронена і заканадаўствам. Менавіта працэс пасля выбараў стаў штуршком для гэтай справы, прычынай з’яўлення лістовак. Лістоўкі ён не вырабляў, а адлюстраваў факт іх з’яўлення. Яны адлюстроўваюць супрацьстаянне жыхароў і прадстаўнікоў улады. З боку міліцыянераў не было спробы выдаліць тыя каментары, што сталі падставай крымінальнай справы.

Па меркаванні Улана, гэта сведчыць, што міліцыянеры не імкнуліся спыніць іх распаўсюджанне і адпаведна само правапарушэнне, калі яны лічаць, што гэта яно.

– Судовы працэс гістарычны для смаргонскага суда, спадзяюся, гісторыя расставіць усё на свае месцы, – сказаў Улан.

Некаторыя прысутныя пасля абвяшчэння прысуду скандавалі: «Ганьба!».

Праваабаронца: «Прысуд палітызаваны»

Пасля прысуду смаргонскі праваабаронца Алесь Дзергачоў пракаментаваў журналісту «РГ»:

– Прысуд палітызаваны. Лістоўкі вырабляў і прымацоўваў не ён. Таму прысуд вельмі жорсткі.

Рамуальд Улан падсумаваў, што будзе абскарджваць прысуд. Прадпрымальнік перажывае, як накіраванне ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу адаб’ецца на яго бізнесе. 60-70% дзейнасці выконвае ён сам, таму перажывае, што пад рызыкай застанецца справа паслуг друку.

Калі яшчэ ў верасні ва Улана канфіскавалі рэчы з офіса, смаргонец звярнуўся да землякоў з просьбай дапамагчы з аргтэхнікай, каб не спыняць прадпрымальніцкую дзейнасць. За два дні для яго сабралі 90% тэхнікі, патрэбнай для працы.

Прыгавор не ўступіў у законную сілу.

• Текст доступен на языке: Русский