Вадзім Гурман перад судовым пасяджэннем. Фота Настассі УТКІНАЙ.

6 студзеня ў судзе Маладзечанскага раёна прайшло першае пасяджэнне па крымінальнай справе па падзеях 9 жніўня. Маладзечанца абвінавачваюць у тым, што ён правакаваў натоўп на актыўныя дзеянні супраць міліцыі і ў пагрозах гвалтам міліцыянерам.

Вадзіма Гурмана абвінавачваюць па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса:

  • ч.1 арт.342 — Арганізацыя групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак і звязаны з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады.
  • арт. 364 — Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў або яго блізкіх з мэтай перашкодзіць яго законнай дзейнасці або прымусу да змены характару гэтай дзейнасці альбо з помсты за выкананне службовай дзейнасці.

Судовае пасяджэнне вядзе суддзя Вольга Дубовік. Дзяржаўны абвінаваўца – Габруковіч.

Вадзім Гурман.

Гурман нарадзіўся ў Маладзечне ў 1999 годзе. Раней прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання.

— Прызнаю віну па артыкуле 342, але не па 364-м. І яшчэ я не быў п’яны. Мяне затрымалі 11 жніўня, а пасля збівалі ў РАУС шэсць гадзін, каб падпісаў дакументы, – расказаў на судзе Гурман.

Згодна з абвінавачваннем, 9 жніўня Гурман актыўна ўдзельнічаў у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і не падпарадкоўваўся супрацоўнікам органаў унутраных спраў. У гэты час знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення. Гурман выкрыкваў лозунгі, правакаваў грамадзян на актыўныя дзеянні, а таксама пагражаў гвалтам міліцыянерам Смаленскаму, Лазару, Радзько, Сіняўскаму, Нехвядовічу, Цярэньцьеву.

Пацярпелыя

У суд прыйшлі не ўсе пацярпелыя. На лаве прысутнічалі толькі Павел Радзько і Андрэй Нехвядовіч. Радзько і Нехвядовіч знаходзілся на службе ўвечары 9 жніўня, стаялі ў шарэнзе міліцыянераў на плошчы.

Шарэнга міліцыянераў на плошчы ўвечары 9 жніўня. Фота Настассі УТКІНАЙ.

Радзько і Нехвядовіч сказалі, што ад Гурмана чулі пагрозы і як ён, па іх меркаванні, заводзіў натоўп. Радзько не мог успомніць, якія канкрэтна пагрозы выказваў абвінавачваемы, але ўпэўнены, што Гурман пагражаў і супрацоўнікам, і іх родным.

Радзько сказаў, што яго пужалі не словы Гурмана, а тое, што ад гэтых словаў натоўп можа ўчыніць нейкія дзеянні ў адносінах да супрацоўнікаў.

— Ён казаў «Давайце іх вешаць». Зыходзячы з колькасці чалавек у натоўпе, падумаў, што міліцыянераў, якія знаходзяцца на плошчы, знішчаць.

Нехвядовіч пацвердзіў, што чуў пагрозы ў бок міліцыянераў ад Гурмана.

— Я чуў, што ён сказаў «Душы мянтоў».

Таксама Нехвядовіч сказаў, што іншага ад Гурмана не чуў. Ён не можа пацвердзіць, ці чулі гэтыя словы і іншыя міліцыянеры.

— Мы размаўлялі ўжо пасля з калегамі. Не магу ўспомніць, хто мне гэта сказаў, але, па іх словах, да шарэнгі супрацоўнікаў падыходзіў Гурман і клікаў выйсці адзін на адзін.

Вадзім Гурман на плошчы 9 жніўня. Фота Настассі УТКІНАЙ.

Міліцыянеры не змаглі патлумачыць, чаму не не спынілі супрацьпраўныя дзеянні абвінавачанага пасля іх здзяйснення. У Радзько і Нехвядовіча няма прэтэнзій да Гурмана. Яны не збіраюцца падаваць позвы па кампенсацыі фізічнай ці маральнай шкоды.

У судовым пасяджэнні перапынак да 11 студзеня.

• Текст доступен на языке: Русский