Фота dneprovec.by.

Маладзечанскія міліцыянеры забралі ў п’яной маці 9-месячнае дзіця. На лінію 102 звярнуліся жыхары вёскі Насілава. Яны паведамілі, што 36-гадовая жанчына злоўжывае спіртным на працягу апошніх двух тыдняў і ўвесь гэты час з ёй знаходзіцца 9-месячнае немаўля.

Калі міліцянеры прыехалі на месца, у доме заспелі п’яную маці, побач з ёй на канапе ляжаў маленькі хлопчык.

На пытанні супрацоўніка міліцыі жанчына не магла даць выразных і зразумелых адказаў. Пры гэтым не адмаўляла, што ўжывала спіртныя напоі. У доме было холадна. Як пазней высветлілася, па нейкіх прычынах жанчына з дзіцём спалі ў суседзяў. Відавочна, што сына маці даглядае недастаткова добра.

Занепакоеныя здароўем немаўляці, міліцыянеры канфіскавалі дзіця і перадалі яго медыцынскім работнікам для шпіталізацыі ў дзіцячую бальніцу Маладзечна. Дактары папярэдне паставілі хлопчыку дыягназ ВРВІ.

Па дадзеным факце супрацоўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх правялі праверку. Інфармацыю перадалі ва ўпраўленне па адукацыі Маладзечанскага райвыканкама. Далейшы лёс немаўляці вырашаць органы апекі.