Краязнаўца, калекцыянер і рэстаўратар Алесь Сярожкін жыве ў Оршы. На пачатку 1990-х ён з сябрамі выдаваў газету «Беларускі калекцыянер». Выйшлі з друку 25 нумароў. Цяпер гэта выданне не існуе і не радуе калекцыянераў і краязнаўцаў. З-за недахопу фінансаў спыніла сваё існаванне. Алесь Сярожкін сябраваў з многімі беларускімі творчымі людзьмі, у тым ліку і з гісторыкам, археолагам, фалькларыстам, літаратуразнаўцам, краязнаўцам, які ўсё сваё жыццё прысвяціў роднаму Маладзечанскаму краю, Генадзем Каханоўскім (1936-1994).

Сёлета 8 студзеня Генадзю Аляксандравічу споўнілася б 85 гадоў з дня нараджэння.

Маладзечанскі гісторык вельмі цешыўся выхаду «Беларускага калекцыянера». Пра гэта ён не раз казаў Алесю Сярожкіну. У спадара Сярожкіна да сённяшніх дзён захаваліся тры лісты Генадзя Каханоўскага, якія ён перадаў у мой асабісты архіў. Лісты былі напісаныя ў 1985 годзе. Адзін з іх датаваны дакладна. Гэта не проста невялікія пісьмы, а пісьмы скарбы, якія хочацца чытаць і перачытваць. Таму сёння ёсць нагода іх цалкам працытаваць і апублікаваць. Дык давайце разам пачытаем, што пісаў вядомы даследчык нашай культуры Генадзь Каханоўскі Алесю Сярожкіну ў Оршу амаль 30 гадоў таму.

Ліст першы

Глыбокапаважаны Аляксандр Міхайлавіч!

Дзякуй Вам за добрае слова пра маю кнігу «Адчыніся, таямніца часу». Я меў на ўвазе расказаць папулярна пра забытае, зніклае, страчанае.

Генадзь Каханоўскі падпісвае сваю кнігу, 1985 год. Фота Сяргея Панізьніка

Падзяляю Ваш клопат аб нашай спадчыне, пра аршанскія помнікі дойлідства. Сапраўды, такая багатая гісторыя Оршы і раптам яна знікае на вачах у тысяч людзей. У Оршы павінен абавязкова быць музей. Гэта ж не вёска сярод балот, а вялікі прамысловы і культурны горад на скрыжаванні мноства бойкіх дарог.

Пра ўсё тое, што мне Вы напісалі, напішыце таксама ў рэдакцыю газеты «Літаратура і мастацтва» ці ў часопіс «Мастацтва Беларусі», які ўжо Вам вядомы. А хутчэй за ўсё, у «Літаратуру і мастацтва». Магчыма, дадайце і фотаздымак Куцеінскага манастыра, калі гэта магчыма сфатаграфаваць. Сапраўды, гонар Оршы – Куцеінская друкарня. Напішыце пра страту роспісаў і г.д.

Пра пляшку я матэрыял Ваш перадам спецыялісту Маі Міхайлаўне Яніцкай – кандыдату мастацтвазнаўства, яна працуе ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР (горад Мінск, вул. Сурганава, д.1, корп.2). Яна з Вамі звяжацца. У яе ёсць кнігі пра беларускае мастацкае шкло. Талковая даследчыца і цудоўны чалавек.

Паштоўка, выдадзеная дзякуючы Каханоўскаму, і дасланая ім у Оршу.

Дасылаю Вам сваю брашуру пра Янку Купалу, а таксама самаробную навагоднюю паштовачку. Яшчэ раз Вам дзякуй!

Пішыце. Буду рад. Генадзь Каханоўскі.

Ліст другі

Добры дзень, Аляксандр Міхайлавіч!

Дзякуй Вам за памяць, за цікавы ліст! Я ўжо пісаў, што малюнак пляшкі я перадаў Маі Міхайлаўне Яніцкай, кандыдату мастацтвазнаўства нашага інстытута. Яна спецыяліст па беларускаму шклу, аўтар трох кніг пра яго. Лепш за яе ніхто не ведае шкла.

Пра разбурэнні помнікаў архітэктуры ў Оршы я расказаў С.В. Марцэлеву, члену-карэспандэнту АН БССР, які з’яўляецца намеснікам старшыні Рэспубліканскага Савета таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Няхай і ён ведае. Раскажу яшчэ і другому намесніку – А.П.Куліку. Я не ведаю, што яны змогуць, але хай ведаюць пра разбурэнні.

Прыемна, што ў Оршы плануецца краязнаўчы музей. Даўно пара! Я некалькі гадоў назад пісаў у Вашу раённую газету пра вывезеныя ў час Першай сусветнай вайны з Мінска, Ліды, Гродна розныя дакументы, кнігі, старадрукі… След іх страціўся. Хоць вядома, што яны даехалі да Оршы. Праўда, полацкія хронікі аказаліся аж у Сімбірску. Іх прадавалі пудамі, як паперу для абгорткі на рынку. Толькі беларус А.Жыркевіч іх убачыў, скупіў усе і здаў у Сімбірскі архіў. Вось якія штукі бывалі.

Вы малады чалавек, і яшчэ не позна вучыцца, хоць бы завочна. Маглі б працаваць у тым жа Аршанскім краязнаўчым музеі. Станеце лепшым краязнаўцам рэспублікі, бо іх у нас вельмі мала. У Вас ёсць зацікаўленасць, а гэта самае дарагое ў чалавека.

Я сам працаваў 18 гадоў у музеі і не шкадую. Толькі ў свае 45 вырашыў паслухаць калег і пайшоў у АН БССР. Музейную работу я любіў усёй душой, бо быў заўсёды краязнаўцам. Шмат вандраваў. Гэта бачыце і па маіх кнігах.

Высылаю Вам яшчэ адну паштовачку. Гэта я выпусціў, працуючы ў музеі. Тыраж малы. Значкоў пра Маладзечна больш. У мяне іх тры. Ёсць і пра Уладзіміра Караткевіча.

Усяго Вам найлепшага! Здароўя, поспехаў! Генадзь Каханоўскі.

Ліст трэці

Добры дзень, Алесь Міхайлавіч!

Дзякуй за цікавыя знаходкі, якія мне прыслалі! Вядома, я цяпер падумаю, як іх перадаць у адпаведны музей.

Магчыма, і ў наш Мінскі абласны краязнаўчы, дзе я доўгі час сам працаваў. На такія рэчы трэба, каб народ глядзеў, таму трымаць дома проста няёмка.

У падзяку высылаю Вам сваю кнігу па археалогіі і гістарычным краязнаўстве. Прачытайце і выкажыце мне свае ўражанні. Варта пачытаць маленькую кніжачку беларускага таленавітага археолага Міхася Чарняўскага «Страла Расамахі». Вельмі карысная. Раю пачытаць, хоць яна і адрасуецца школьнікам.  З М.М.Яніцкай я яшчэ раз пагавару.

Са святам вясны, яе наступленнем. Генадзь Каханоўскі, 12.04.1985 г.

***

Вось такія лісты ад Генадзя Каханоўскага захоўваў калекцыянер Алесь Сярожкін. Захаваў ён і дзве паштоўкі,выдадзеныя дзякуючы Генадзю Аляксандравічу. Адна, прысвечаная Новаму году, са словамі Янкі Купалы:

З Новым годам, з Новым годам!

З новай песняй, з новай казкай!

Зачаруем мімаходам

Долі ходы думкай-краскай!

А на другой паштоўцы – постаць самога песняра. Дзе, калі і хто іх выдаваў, на паштоўках не абазначана. Але мы цяпер ужо ведаем.

І яшчэ адна паштоўка ад Генадзя каханоўскага.