Міліцыянеры стаяць насупраць пратэстоўцаў на плошчы вечарам 9 жніўня ў Маладзечне.

У судзе Маладзечанскага раёна працягваецца разгляд крымінальнай справы над Вадзімам Гурманам.

Нагадаем, што Гурмана абвінавачваюць у пагрозе гвалтам супрацоўнікам Маладзечанскага РАУС і ўдзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

У першым пасяджэнні давалі паказанні два пацярпелыя міліцыянеры – Андрэй Нехвядовіч і Павел Радзько.

Чытайце яшчэ: «Давайце іх вешаць». У Маладзечне адбыўся першы суд па крымінальнай справе за 9 жніўня

Вадзім Гурман у судзе.

«Апазіцыя лічыла, што міліцыя павінна перайсці на іх бок»

Сёння, 11 студзеня, суд заслухоўваў паказанні яшчэ аднаго пацярпелага супрацоўніка Маладзечанскага РАУС Дзмітрыя Смаленскага. 9 жніўня Смаленскі заступіў на службу па ахове грамадскага парадку, але не памятае дакладны час. Ён патруляваў плошчу разам з міліцынерам Якаўлевым, а пасля да іх далучыліся Францкевіч і Цярэньцьеў. Перад службай на інструктажы патлумачылі, што ў Маладзечне магчымыя масавыя беспарадкі і несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы. Таму Смаленскі сумесна з Якаўлевым тлумачыў людзям аб адказнасці за ўдзел у такіх акцыях.

Пасля хтосьці з кіраўніцтва даў загад ад’ехаць з плошчы. Смаленскі разам с іншымі супрацоўнікамі з’ехалі, а затым вярнуліся да політэхнічнага каледжу. Далей яны выйшлі да людзей, сталі ў шарэнгу. Людзі ў першых шэрагах узяліся за рукі ў счэпку.

Смаленскі бачыў Гурмана, той стаяў ад міліцыянераў злева, у счэпцы не быў.

– Перыядычна выходзіў паміж натоўпам людзей і нашай шарэнгай. Ён падымаў рукі ўверх, крычаў. Спачатку – «Міліцыя з народам!», «Жыве Беларусь!» Пасля выказваў пагрозы, кшталту, мы будзем вас забіваць, мы будзем вас рэзаць.

Смаленскі адчуў пагрозу свайму жыццю, таму што натоўп быў вялікі, і калі б людзі паслухаліся Гурмана, то пагрозы сталі бы рэальнасцю.

Адвакат Гурмана запыталася ў пацярпелага, што супрацьзаконнага ёсць у выразе «Міліцыя з народам».

– У выразе – нічога. Але апазіцыя лічыла, што міліцыя павінна перайсці на іх бок, дзейнічаць супраць дзейснай улады, – адказаў Смаленскі.

Па словах Смаленскага, Гурман выходзіў паміж натоўпам і шарэнгай міліцыянераў не меней за два разы. Аднак міліцыянер не памятае, што канкрэтна рабіў абвінавачваемы і як дакладна гучалі пагрозы ў адрас супрацоўнікаў Маладзечанскага РАУС.

Смаленскі заявіў грамадзянскую позву аб маральнай шкодзе. Яе міліцыянер ацаніў у 600 рублёў. Па словах Смаленскага, ён хваляваўся за жыццё і здароўе, а таксама за здароўе сваіх калег, пасля выказванняў Гурмана.

Трое пацярпелых – Лазар, Цярэньцеў і Сіняўскі – знаходзяцца на бальнічных лістах. Таму суд змяніў парадак судовага следства. Далей апытвалі сведак.

Шарэнга міліцыянераў на маладзечанскай плошчы ўвечары 9 жніўня.

Усе сведкі – супрацоўнікі Маладзечанскага РАУС

У судзе заслухалі паказанні 9 міліцыянераў, якія 9 жніўня знаходзіліся на службе па ахове грамадскага парадку. Іх усіх прызналі сведкамі па крымінальнай справе. Юры Церашонак, Захар Закамскі, Ілля Грынцевіч, Сяргей Матус, Аляксандр Францкевіч, Аляксандр Танюкевіч, Яраслаў Туровіч, Валер Тамашкевіч, Андрэй Сяляўка пацвердзілі, што ў той вечар бачылі Вадзіма Гурмана на маладзечанскай плошчы. Усе яны чулі, што Гурман нешта казаў, але амаль ніхто з іх не памятае, што дакладна.

Толькі Грынцевіч дадаў, што бачыў у Гурмана бел-чырвона-белы сцяг. Астатнія сказалі, што нічога ў абвінавачваемага не бачылі.

Матуз і Церашонак выказаліся, што начальнік аховы грамадскага парадку Руслан Манькоўскі аддаваў загады стаць міліцыянерам у шарэнгу. Далей Манькоўскі хадзіў за шарэнгай, каб напрамкі аддаваць іншыя загады.

Туровіч сказаў, што чуў, як нехта з натоўпу крычаў у бок міліцыянераў, што іх будуць вешаць. Ён не можа сказаць, які чалавек крычаў.

Тамашкевіч пракаментаваў дзеянні Гурмана 9 жніўня так:

– Заводзіў натоўп як фанат на футболе. Яны скандавалі «Верым! Можам! Пераможам!» Усе фанацкія крычалкі. А ён быў як дырыжор. Весела яму было, не так як зараз, напэўна.

Тамашкевіч дадаў, што Гурман знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення. Ён гэта вызначыў, таму што яго праца з гэтым звязаная.

Наступнае пасяджэнне пройдзе 15 студзеня. На ім будуць апытаныя пацярпелыя, якія знаходзяцца на бальнічных, і сведка Курэц.

• Текст доступен на языке: Русский