Фота Маладзечанскага ГРАНС.

МНС і таварыства выратавання на водах пастаянна праводзяць сумесныя рэйды, накіраваныя на недапушчэнне гібелі людзей на вадаёмах зімой.

Выратавальнікі на чале з начальнікам Маладзечанскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Дзянісам Ушацкім за чатыры мінулыя выходныя наведалі шмат вадаёмаў раёна.

Бяспечным для чалавека лічыцца лёд таўшчынёй не менш за сем сантыметраў.

Самы тонкі лёд у месцах упадзення рэк, ручаёў, каля абрывістых берагоў, а таксама каля кустоў і дрэў у вадзе.

Работнікі МНС нагадалі тым, хто сустрэўся на вадаёмах правілы паводзін на лёдзе. Як вызначыць, ці моцны лёд, ці мае бяспечную таўшчыню. Аб неабходнасці насіць выратавальную камізэльку пры выхадзе на лёд ведалі ўсе, а вось выконвалі адзінкі. А гэта вельмі важна: перад тым, як адправіцца рыбачыць, неабходна забяспечыць  бяспеку.

Кожнаму рыбалову рэкамендавалі мець з сабой завостраныя калы, у народзе іх называюць шылы, якія рыбакі прымацоўваюць на шнурок і прасоўваюць, як рукавіцы, пад курткай праз рукавы. Яны незаменныя ў выпадку, калі праваліўся пад лёд і спрабуеш выбрацца.

Неабходна разумець, што надвор’е няўстойлівае. Моцных маразоў няма. Лёд не мае дастатковай трываласці і таўшчыні, каб чалавек без рызыкі для жыцця мог на ім знаходзіцца. Трэба быць вельмі асцярожным, каб не здарылася бяды.

Калі праваліліся пад лёд

Калі вы ўсё ж такі праваліліся пад лёд, самае галоўнае – не паддавацца паніцы. Пакуль паміж пластамі адзення застаецца паветра, вы зможаце трымацца на плаву. Каб выбрацца з палонкі, налягайце грудзьмі на лёд і шырока расстаўце рукі, тым самым вы павялічыце пляцоўку апоры і паменшыце ціск на лёд. Вось тут могуць спатрэбіцца шылы: з іх дапамогай вы хутка выберацеся з вады.

Выбраўшыся, ўставаць катэгарычна забаронена, бо застаецца небяспека зноў праваліцца пад лёд.

Варта адкаціцца далей і паўзком дабірацца да берага той жа дарогай, якой прыйшлі.

Калі вы раптам сталі відавочцам надзвычайнага выпадку, то ў першую чаргу ацаніце абстаноўку і падумайце, ці зможаце дапамагчы чалавеку або лепш паклікаць яшчэ каго-небудзь на дапамогу. Пры няверных дзеяннях ёсць пагроза самому апынуцца ў бядзе. Для аказання дапамогі ўзбройцеся палкай альбо вяроўкай, падпаўзіце да месца пралому ільду за тры-чатыры метры і падайце пацярпеламу другі канец сродка выратавання. Як выцягніце з вады, адразу ж адвязіце ў цёплае месца і выклікайце хуткую дапамогу.

У выпадку, калі  неабходная дапамога выратавальнікаў, неадкладна тэлефануйце па тэлефонах 101 ці 112.