Ад 1 студзеня ў Беларусі павысілі ПДВ (падатак на даданую вартасць) на некаторыя харчовыя тавары пры іх продажы і ўвозе ў краіну. Змены прадугледжаныя абноўленым Падатковым кодэксам. У Міністэрства па падатках і зборах расказалі, на якія кандытарскія тавары паднялі падатак.
– Ад 1 студзеня 2021 асобныя пазіцыі харчовых тавараў пры іх рэалізацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, пры іх увозе на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь абкладаюцца ПДВ па стаўцы ў памеры 20% замест раней ужывальнай стаўкі ПДВ у памеры 10 — адзначаюць у Міністэрстве.
У Беларусі да гэтага года хлеб і мучныя кандытарскія вырабы ў цэлым абкладаліся ПДВ у 10%. Толькі на некаторыя пазіцыі, у тым ліку на чыпсы і снэкі, быў падатак у 20%.
Ад гэтага года ПДВ у 20% абкладаюцца акрамя чыпсаў і снэкаў таксама салодкае сухое печыва, кексы, вафлі, вафельныя трубачкі, рулеты, вафельныя пласціны, рысавая і соевая папера, піша tut.by.
Як і на лекі, медвырабы і тавары для дзяцей, так і на харчовыя тавары, якія былі ў рознічнай сетцы на 1 студзеня, да пачатку лютага трэба ўключыць у іх кошт ўзрослы ПДВ. Гэта значыць ад лютага ў крамах павінны вырасці кошты ў тым ліку на печыва і вафлі. Але ёсць верагоднасць, што гандлёвыя сеткі не цалкам рост ПДВ перакладуць на пакупнікоў, а возьмуць частку выдаткаў на сябе за кошт скарачэння гандлёвай нацэнкі.
• Текст доступен на языке: Русский