Сёння, 11 студзеня, Вілейскі раённы суд асудзіў жыхара Вілейкі Андрэя Паследа па артыкуле 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Андрэя прызналі вінаватым у тым, што ён праводзіў у сваім двары адзіночны пікет без дазволу на гэта райвыканкама. Пакаранне – штраф 290 рублёў.
Андрэй працуе інкасатарам. Гадуе дачку і сына, праблем з законам не меў. Жыве ў Вілейцы на Савецкай.
Менавіта тут, на сваім прыватным доме, у жніўні ён і павесіў белы аркуш А4, з чырвонай паласой пасярэдзіне на трубу газаправода. Аркуш вісеў ад жніўня да снежня.
Суддзя Алена Ахметава зачытала абставіны справы:
– Ад 15 жніўня па 22 снежня на драўлянай рэйцы, прымацаванай да газаправода, для ўсеагульнага агляду Андрэй Паслед вывесіў сцяг, праводзячы тым самым адзіночны пікет без дазволу Вілейскага райвыканкама.
У сваім слове Андрэй Паслед сказаў наступнае:
– Сцяг знаходзіўся на доме, абгароджаным плотам. Мой двор – не грамадскае месца. І таму дазволу мясцовых уладаў не патрабуецца. Сцяг я павесіў у жніўні. Зняў 22 снежня, калі да мяне прыехалі міліцыянеры.
Сцяг вывесіў з мэтай паказаць, што я не згодны з вынікамі выбараў прэзідэнта. Так выказаў сваю грамадзянскую пазіцыю.

Пасля суддзя спытала ў Андрэя Паследа, ці вядомыя яму Закон пра геральдычныя сімвалы і Закон аб масавых мерапрыемствах. Андрэй адказаў, што вядомыя часткова.
Віну віляйчук не прызнаў.
– Я не лічу, што я праводзіў пікет. На працягу чатырох месяцаў я фізічна не мог праводзіць пікет. Я ж спаў, хадзіў на працу…
Свае паказанні таксама далі сведкі – работнікі Вілейскага РАУС Антон Баравы і Сяргей Рачыцкі – тыя міліцыянеры, па патрабаванні якіх Паслед 22 снежня зняў сцяг са свайго дома.
Міліцыянеры расказалі, што 22 снежня атрымалі даручэнне ад пракуратуры – паехаць да дома 71 на Савецкай, на фасадзе якога вісіць сцяг. На месцы высветлілася, што дом не 71, а 69. Адразу трапіць у двор не змаглі з-за сабакі. Пазней, у той жа дзень, стэлефанаваліся з гаспадаром, прыехалі да яго дамоў, расказалі пра адказнасць і сказалі зняць сцяг. Гаспадар зняў сцяг, але не аддаў яго міліцыянерам на іх патрабаванне. Андрэя суправадзілі ў РАУС, дзе ён даў паказанні.

Згодна з паказаннямі сведак і пісьмовых матэрыялаў справы, на адваротным баку папяровага сцяга было напісана «Жыве Беларусь!».
– Які сэнс вы ўкладаеце ў гэтыя словы? – спытала суддзя.
– Па-першае, бачу ў гэтым свабоду і выкананне правоў чалавека. А па-другое, «Жыве Беларусь!» – гэта цытата з вядомага верша, – адказаў абвінавачваемы.
Суд улічыў адсутнасць абцяжарваючых абставін і тое, што Андрэй Паслед гадуе непаўналетніх сына і дачку. У выніку вілейчуку прысудзілі штраф – 290 рублёў (дзесяць базавых велічынь).
• Текст доступен на языке: Русский