Ягор Шаранговіч можа згуляць у Нацыянальнай хакейнай лізе. Пра склад «Н’ю-Джэрсі Дэвілз», у якім трэніруецца Шаранговіч, на гэты сезон стане вядома ўжо праз некалькі гадзін.
Нагадаем, што напрыканцы снежня стала вядома, што Шаранговіч з’едзе з мінскага «Дынама» ў трэніровачны лагер «Н’ю-Джэрсі Дэвілз». Амерыканскі клуб задрафтаваў Шаранговіча яшчэ ў 2018 годзе.
4 студзеня стала вядома, што Шаранговіча перавялі ў асноўную каманду падчас трэніровачнага кэмпа. Ён быў у чацвёртым звяне. Галоўны трэнер каманды Ліндзі Раф сказаў, што Шаранговіч добра выбірае пазіцыю:
— Я назіраю за ім. Я назіраю за ім кожную змену. Ён добра бачыць лёд. Пакуль Шаранговіч добра сябе паказвае.
12 студзеня ў «Дэвілз» заканчваецца трэніровачны лагер — стане вядома, хто з хакеістаў згуляе ў гэтым сезоне. Шаранговіч праводзіць апошнюю трэніроўку перад пачаткам сезона ў першым звяне.
Сезон у НХЛ пачнецца ўжо 13 студзеня. Першы матч «Дэвілз» згуляюць з «Бостан Бруінз» у чацвер.