Фота dw.com.

Ад 1 студзеня ў Беларусі на паўгода вырас пенсійны ўзрост – гэта чарговае планавае паэтапнае павышэнне: для мужчын – 62 гады і 6 месяцаў, а для жанчын – 57 гадоў і 6 месяцаў. «Рэгіянальная газета» паглядзела на прыкладзе Германіі, колькі атрымліваюць нямецкія пенсіянеры і адкуль там бяруцца грошы на пенсіі.

У ліпені 2019 года ў Германіі адбылося апошняе павышэнне пенсій. На захадзе Германіі – на 3,18%, а на ўсходзе – на 3,91%. Гэтыя лічбы залежаць ад індэксацыі, якая разлічваецца немцамі па складанай формуле. У мінулым годзе ў Германіі павелічэнне пенсій абагнала рост заробкаў, але гэта не адзіная асаблівасць пенсійнай сістэмы ў Германіі.

«Пакт пакаленняў» у Германіі

Германія была першай краінай у свеце, якая ўвяла дзяржаўную сістэму сацыяльнага страхавання. Гэта адбылося напрыканцы 19 стагоддзя падчас кіравання Германіяй Ота фон Бісмарка. Асноўны прынцып той сістэмы захаваўся дагэтуль. Гэта – «пакт пакаленняў»: усе, хто працуе, забяспечваюць тых, хто выйшаў на пенсію, адлічваючы пэўны працэнт свайго штомесячнага заробку ў дзяржаўны пенсійны фонд.

Гэты фонд не акумулюе і не ўкладвае сродкі, а адразу налічвае пенсіянерам. Гэта значыць, дзейнічае мадэль прамога і непасрэднага пераразмеркавання даходаў.

На працягу першых некалькіх дзесяцігоддзяў салідарнасць пакаленняў у Германіі была даволі трывалая, бо заставалася нескладанай.

У 1891 годзе памер адлічэнняў працоўных у германскі пенсійны фонд складаў усяго 1,7% штомесячнага заробку. У 1924 годзе – 3,5%, у 1928-м – 5,5, у 1949-м – 10. Гэтага пры высокім узроўні занятасці і сціплай працягласці жыцця хапала на тое, каб забяспечваць нямецкім сталым людзям прымальны ўзровень жыцця.

Як фінансуецца пенсійны фонд у ФРГ

Сітуацыя змянілася ў апошнія пару дзесяцігоддзяў мінулага стагоддзя, калі Германія (асабліва пасля аб’яднання) сутыкнулася з эканамічнымі і дэмаграфічнымі праблемамі. Стала больш беспрацоўных, якім няма з чаго рабіць адлічэнні ў пенсійны фонд, скарацілася нараджальнасць і адначасова значна ўзрасла працягласць жыцця.

Гэта значыць, што ўсё меншай колькасці працоўных прыходзілася ўтрымліваць усё большую колькасць пенсіянераў. У выніку на рубяжы стагоддзяў памер пенсійных адлічэнняў у ФРГ прыйшлося падняць да ~20%.

Такія адлічэнні робяць усе працоўныя ў Германіі, але не з усяго заробку. Існуе ліміт, які ўсталёўвае закон: на захадзе краіны гэта цяпер 6500 еўра, у новых федэральных землях – 5800. Усё, што зверх гэтых сум, пенсійным падаткам не абкладаецца. Гэты ліміт урад час ад часу паднімае.

Работнік і працадаўца адлічваюць пароўну грошы ў пенсійны фонд

Палову ўнёску працаўніка ў пенсійны фонд выплачвае яго працадаўца. Пенсійны фонд атрымлівае істотныя датацыі з дзяржаўнага бюджэту. На гэтыя мэты накіроўваюць частку збораў ад падатку на дабаўленую вартасць і спецыяльнага падатку на мінеральнае паліва, названага «экалагічным».

Па прагнозах экспертаў, у 2021 годзе датацыі пенсійнаму фонду з дзяржбюджэту перавысяць 100 мільярдаў еўра. Гэта стане адным з вынікаў прынятага ў 2018 годзе «пенсійнага пакета»: урад гарантуе, што да 2025 года пенсіі ў краіне не апусцяцца ніжэй за 48% заробку, а адлічэнні ў пенсійны фонд застануцца ў межах 20%. Што будзе потым, залежыць ад нямецкай дэмаграфіі і эканомікі.

Як разлічваецца нямецкая пенсія

Разлік пенсіі ў Германіі – гэта «вышэйшая матэматыка», даступная вузкаму колу спецыялістаў, на якіх трэба вучыцца тры гады. Пры гэтым улічваецца не толькі працоўны стаж і памер адлічэнняў, але і ўзрост таго, хто выхо­дзіць на пенсію, перыяд вучобы, наяўнасць дзяцей, адпачынак па доглядзе за дзіцем, служба ў арміі і іншыя жыццёвыя абставіны. Гэтыя дадзеныя і катэгорыі пералічваюцца ў так званыя «пенсійныя балы», а потым – у канкрэтныя сумы.

У Германіі ёсць паняцце «базавы пенсіянер» – умоўны чалавек, які адпрацаваў 45 год за сярэдні заробак, выйшаў на пенсію па дасягненні ўзросту. У Германіі ён павялічваецца, а ў 2029 годзе складзе 67 год.

Так званая стандартная пенсія – 1441 еўра на захадзе і 1381 еўра на ўсходзе. Аднак гэта не сярэдняя для Германіі велічыня.

У 2018 годзе пенсіянеры-мужчыны атрымлівалі ў сярэднім на захадзе па 1095 еўра ў месяц, на ўсходзе – 1198 еўра. Пенсіянеркі на захадзе атрымлівалі – 622 еўра, на ўсходзе – 928. Больш высокія выплаты на ўсходзе Германіі тлумачацца тым, што жыхары былой ГДР маюць вялікі працоўны стаж.

Нямецкія пенсіі трох відаў

Дзяржаўная пенсія – гэта толькі адзін з элементаў сацыяльнага забеспячэння жыхароў Германіі ў сталасці. Амаль палова пенсіянераў атрымліваюць грошы ад былога працадаўцы. Большасць буйных нямецкіх фірм і канцэрнаў, грамадска-прававых кампаній, дзяржаўных прадпрыемстваў і ведамстваў забяспечваюць сваіх былых работнікаў дадатковымі пенсіямі. У некаторых выпадках іх памер дазваляе пенсіянеру на 90% захаваць ранейшы ўзровень жыцця.

Ёсць і сістэма прыватнага пенсійнага страхавання. 42 мільёны немцаў заключылі дамовы, якія прадугледжваюць альбо аднаразовыя, альбо рэгулярныя выплаты па дасягненні імі пенсійнага ўзросту