Фота merri-popins.com.

Маладзечанская міліцыя выйшла на беспрацоўнага 30-гадовага мясцовага жыхара, які схіліў 16-гадовую дзяўчыну да інтым-паслугаў.

Мужчына заплаціў ёй 25 рублёў.

Цяпер мужчына з’яўляецца фігурантам крымінальнай справы па частцы 2 артыкула 171 Крымінальнага кодэкса «Арганізацыя і (або) выкарыстанне заняткам прастытуцыяй або стварэнне ўмоў для занятку прастытуцыяй».

Ахвяру мужчына апрацоўваў на сайце знаёмстваў, дзе скантактаваўся з непаўналетняй, узяўшы жаночае імя Алена. Незнаёмка па той бок экрана лёгка ўвайшла ў давер да дзяўчыны і неўзабаве распавяла аб сваім лёгкім заробку. Дарэчы, асабістая перапіска паміж імі ішла і ў сацыяльных сетках, дзе мужчына быў зарэгістраваны пад імем і дзявоцкім прозвішчам сваёй жонкі.

Падчас размовы мужчына стаў схіляць да аказання сэксуальных паслуг маладзечанку, пра ўзрост якой яму было дакладна вядома. Паддаўшыся на ўгаворы, юная дзяўчына пагадзілася на рамантычнае спатканне за ўзнагароджанне.

Першага кліента для дзяўчыны знайшла «Алена», якая гэтым кліентам і апынулася, але ўжо ў сваім сапраўдным мужчынскім абліччы.

Дзеянням мужчыны далі прававую ацэнку. Яму пагражае да дзесяці гадоў пазбаўлення свабоды са штрафам. Раней ён ужо быў судзімы за п’янае кіраванне, прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці на правапарушэнні ў сферы сямейна-бытавых адносін.